Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Змест лекцый

Слоўнік
Літаратура
Іншыя землі
ФОРУМ
Пошта

 

 Культура Беларусі ў друг. палове ХІІІ - перш. пал. XVI стст.

Падчас уваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ паступова фарміруецца адзіная беларуская народнасць.Народнасцю называецца моўная, тэрытарыяльная, эканамічная  і культурная супольнасць людзей, пераважна рабаўладальніцкай ці феадальнай эпохі, для якой характэрна сумеснае пражыванне на адпаведнай тэрыторыі, адноснае адзінства гаспадаркі, мовы, культуры, а таксама этнічная самасвядомасць.

Асновай беларускай народнасці сталі славянскія племянныя саюзы крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і часткова валынян, якія ў сваю чаргу ўвабралі многія элементы культуры папярэдняга фінскага і балцкага насельніцтва. Прычым асіміляцыя балцкіх (асабліва літоўскіх) элементаў працягвалася да  ХІХ ст. З утварэннем ВКЛ ўсе часткі будучага беларускага этнасу ўпершыню апынуліся ў межах адзінай дзяржавы, што спрыяла іх далейшай моўнай, культурнай, эканамічнай кансалідацыі, а таксама ўзнікненню агульнай самасвядомасці. Акрамя таго, важнымі фактарамі фарміравання беларускай народнасці стала кансалідацыя нешматлікіх катэгорый насельніцтва ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі (напрыклад, мяшчане), умацаванне эканамічных сувязей, развіццё ўнутранага рынку, працэс цэнтралізацыі ВКЛ, неабходнасць барацьбы са знешнім ворагам.

У ХІV–ХVІ стст. на жыхароў сучаснай тэрыторыі Беларусі распаўсюджваліся назвы "ліцвіны" (пераважна жыхары Заходняй Беларусі і Усходняй Літвы) і "русіны" (жыхары Усходняй Беларусі і Смаленшчыны). Назва "Белая Русь" упершыню згадваецца ў ХІІ ст., але толькі ў ХІІІ ст. яна ўжываецца ў дачыненні да ўсходняй часткі Беларусі і Пскоўшчыны.

Да сярэдзіны ХVІ ст. фарміруецца старабеларуская літаратурна-пісьмовая мова, якая істотна адрозніваецца ад стараславянскай сваімі арфаграфічнымі і нават лексічнымі рысамі. Пры Альгердзе яна становіцца агульнадзяржаўнай (да 1696 г.), на ёй напісаны не толькі літаратурныя, але і найважнейшыя дзяржаўныя  дакументы (Судзебнік 1468 г., першыя вайсковыя статуты (30-я гг.XVI ст.), Статуты ВКЛ (1529 г., 1566 г., 1588 г. і інш.). Гэта мова дзяржаўнага справаводства, а таксама зносін паміж рознымі  этнічнымі групамі насельніцтва ВКЛ. З ХV–ХVІ стст. характэрнае для гутаркавай беларускай мовы "дзэканне", "цэканне", "аканне", цвёрдае вымаўленне "р" пачынаюць прасочвацца і ў афіцыйныя дакументы і ўплываць на фарміраванне беларускай літаратурнай мовы.

Станаўленне старабеларускай літаратуры непасрэдна звязана з этнічнымі працэсамі, што адбываліся ў ВКЛ. У ХІІІ–ХVІ стст. значную ролю на беларускіх землях пачынае адыгрываць рукапісная кніга, пераважна царкоўнага характару (пергаментныя Аршанскае, Мсціслаўскае, Лаўрышаўскае, Жыровіцкае евангеллі). У беларускай літаратуры месца былін займае новы эпічны жанр – гістарычныя песні, прысвечаныя барацьбе насельніцтва з іншаземнымі захопнікамі. У ХV ст. з’яўляецца новы жанр – перакладная літаратура як свецкага ("Александрыя", "Троя"), так і царкоўнага характару ("Аповесць пра трох каралёў", "Трыстан і Ізольда", "Аповесць пра Бову" і г. д.). Яе існаванне – яркае сведчанне цесных культурных стасункаў ВКЛ з іншымі краінамі. ХV ст. адзначаецца ростам бібліятэчнай справы: на беларускіх землях ствараюцца буйныя прыватныя і царкоўныя кнігасховішчы. Рукапісныя кнігі  ў іх адзначаюцца адмысловым афармленнем.

Яркім прадстаўніком жанру царкоўнай аратарскай прозы на беларускіх землях стаў Рыгор Цамбалак, выбраны ў 1415 г. навагрудскім мітрапалітам. Значнае месца ў літаратуры ХV – пачатку ХVІ ст. належыць летапіснаму жанру. Сярод беларуска-літоўскіх летапісаў  агульнадзяржаўнага характару варта адзначыць "Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх" (каля 1430 г.), "Беларуска-Літоўскі летапіс 1446 г.", якія падтрымлівалі цэнтралізатарскую палітыку вялікіх князёў. Складанай часткай апошняга з’яўляецца "Пахвала Вітаўту" – яркі ўзор панегірычнай літаратуры свайго часу. Найбольш поўна асноўныя падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ (як легендарныя, так і рэчаісныя) да пачатку ХVІ ст. выкладзены ў "Хроніцы Быхаўца". У другой палове ХVІ ст. летапісны жанр саступае першынство іншым накірункам літаратуры.

У ХІV – ХV стст. у Заходняй Еўропе пачынае фарміравацца культура новага тыпу, дзе на першае месца выходзіць праблема зямнога прызначэння чалавека. Аснову гуманістычнай ідэалогіі складалі прынцыпы натуралізму, самастойнасці чалавека, абсалютнай духоўнай незалежнасці. Прадстаўнікі новай культуры называлі сваю эпоху Адраджэннем (Рэнесансам). У ВКЛ у канцы ХV ст. таксама пачынаюць з’яўляцца тэндэнцыі новага тыпу культуры, жыцця і светапогляду. Яны былі падрыхтаваны больш высокім узроўнем эканамічнага жыцця, пашырэннем кантактаў з Заходняй Еўропай, палітычнай цэнтралізацыяй, дзяржаўна-прававой стабілізацыяй грамадства.

Аднак Адраджэнне на беларускіх землях  мела і свае адметныя рысы. Перш за ўсё трэба адзначыць, што сацыяльнай апорай новай ідэалогіі было шляхецкае саслоўе, а не буржуазія, як у развітых краінах Еўропы; да таго ж у эканоміцы княства не сфарміраваліся раннекапіталістычныя адносіны. Распаўсюджванне рэнесансных ідэй замаруджвалася таксама моцным супрацьстаяннем  з боку каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Не трэба таксама забывацца, што духоўная культура беларускай народнасці стваралася ў межах рознанацыянальнай  і рознаканфесійнай дзяржавы – ВКЛ, а потым Рэчы Паспалітай.

Самым славутым прадстаўніком беларускай культуры эпохі Адраджэння стаў пачынальнік ўсходнеславянскага кнігадрукавання доктар Францішак Скарына з Полацка (каля 1490 – каля 1551). Сапраўдны патрыёт, гуманіст, які бачыў выратаванне грамадства ў асвеце і маральным удасканальванні людзей, у Бібліі Скарына бачыў перш за ўсё крыніцу свецкіх ведаў. Таму менавіта Святое пісанне ён перакладаў на родную мову. Скарына стаў заснавальнікам жанру прадмоў, у якіх выказваўся наватарскі погляд на розныя сферы жыцця. Усяго ў Празе і Вільні Скарына надрукаваў 42 кнігі. Яго дзейнасць дала моцны штуршок кнігавыдавецкай справе на ўсходнеславянскіх землях. Паэтам-гуманістам еўрапейскага маштаба  можна назваць Міколу Гусоўскага (1470 ? – каля 1533). Сярод дзесятка вершаў і яго трох паэм  асаблівае месца займае напісаная ў 1522 г. ў Рыме на лацінскай мове "Песня пра зубра", у якой паэт уславіў родную прыроду, свабоднага чалавека і асудзіў войны.

Гродна

У рэчышчы культурна-гістарычных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ у ХІV– ХVІ стст., развівалася беларускае дойлідства. Значны ўплыў на яго аказалі заходнееўрапейскія каталіцкія і візантыйскія праваслаўныя традыцыі. Таму для гэтага перыяду характэрна эклектыка – спалучэнне розных стыляў. У сярэдзіне - другой палове ХІV ст. значны ўплыў на архітэктуру аказала готыка. Гэты стыль характарызуецца ўзнёслымі формамі, ажурнымі вежамі, спецыяльнай канструкцыяй сцен, вітражамі, вузкімі стральчатымі парталамі, багатым знешнім і ўнутраным дэкорам. Сярод культавых збудаванняў гатычныя рысы найбольш яскрава праступаюць у Траецкім касцёле (в. Ішкаладзь, Баранавіцкі раён), у касцёле в. Уселюб Гродзенскай вобласці.

Вызначальнай асаблівасцю архітэктуры Беларусі ў гэты перыяд з’яўляўся яе абарончы характар. Будаваліся невялікія адна­- і двухвежавыя замкі-кастэлі (у Лідзе, Крэве), а таксама шматвежавыя мураваныя замкі (у Наваградку, Гародні, Міры). Да нашых часоў захаваліся інкастэляваныя цэрквы-крэпасці канца ХV –пачатку ХVІ стст. у Малым Мажэйкаве Лідскага  і Сынкавічах Зэльвенскага раёнаў. Іх адметнай рысай з’яўляецца кампактнасць аб’ёму, высокі дах, вежы з байніцамі, дакладны ўнутраны падзел на культавую і фартыфікацыйную часткі. З прыходам на беларускія землі магдэбургскага права (канец ХІV ст.) цэнтральныя плошчы гарадоў пачалі дапаўняць ратушы. Гатычны стыль гэтага перыяду спалучаўся з элементамі рэнесансу. Ужывалася тэхніка лускаватай і паласатай муроўкі.

У ХІV – ХVІ стст. у выяўленчым мастацтве ВКЛ асаблівую ролю адыгрывае іканапіс. Сярод найбольш распаўсюджаных – выявы Багародзіцы. Пачынае фарміравацца мясцовая школа жывапісу. Не ўдалося пакуль знайсці помнікаў манументальнага і партрэтнага жывапісу, але пісьмовыя крыніцы гэтага перыяду сведчаць аб высокім узроўні яго развіцця. З’яўлялася і скульптура, пераважна драўляная, якая амаль не захавалася да нашых дзён. У ХV– ХVІ стст. існавалі цэхі майстроў, што распісвалі храмы. У ХVІ ст. з’яўляецца свецкі жывапіс (партрэты-парсуны, пахавальны, сармацкі партрэты). Характэрная  рыса беларускага арнаменту, якім аздабляліся рукапісныя кнігі, – спалучэнне расліннага, жывёльнага і фігурнага ўзораў.

Такім чынам, у ХІV – ХVІ стст. даволі паспяхова ідзе працэс фарміравання нацыянальнай беларускай культуры, якая, абапіраючыся на ўласныя традыцыі, спалучала ў сабе галоўныя тэндэнцыі Захаду і Усходу.

Барбара Радзівіл, найпрыгажэйшая жанчына XVI ст. на Беларусі (парсуна)

 

Старадаўнія беларускія імёны

 

Францыск Скарына

 

Скарынаўская Біблія

 

Царква-крэпасць

 

Муры Навагaрадскага замку

 

Муроўка Навагарадскага замку

 

Вежа Мірскага замку

 

План Старога замку ў Гродне

 

Замкавае дойлідства Беларусі

 

Традыцыйныя беларускія прылады працы (Навагарадскі краязнаўчы музей)

 

Кітаб - кніжка на беларускай мове арабскімі літарамі беларускіх татар

 

Музыка з мядзведзем

ВКЛ у этнічнай гісторыі Беларусаў

Як называлі сябе беларусы?

Як іншыя нас называлі?

9


Dzmitry Samakhvalau © 2005


Hosted by uCoz