Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Змест лекцый

Слоўнік
Літаратура
Іншыя землі
ФОРУМ
Пошта

 

 Савецка-польская вайна 1919 - 1921 гг.

 

Яшчэ ў студзені 1918 г. пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) пад кіраўніцтвам А. Чарвякова. Ён заахвочваў савецкія ўлады да вырашэння пытання беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Супраць гэтай ініцыятывы выступіў Аблвыкамзах, які ўвогуле не лічыў беларусаў асобным народам і не бачыў патрэбы ў вырашэнні нацыянальнага пытання. У снежні 1918 г. было выбрана Цэнтральнае бюро беларускіх камуністычных арганізацый (Дз. Жылуновіч). Белнацкаму і Цэнтральнаму бюро было даручана падрыхтаваць Маніфест аб беларускім урадзе. 30 снежня адбыўся Першы з'езд Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі, на якім было абмеркавана пытанне аб складзе Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі. 1 студзеня 1919 г. было абвешчана стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). Але 16 студзеня ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб перадачы Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай губерняў у склад РСФСР, а Мінскай і Гродзенскай губерням было дырэктыўна прапанавана стварыць сумесную дзяржаву з Літоўскай Савецкай Рэспублікай. 27 лютага 1919 г. на аб'яднаным пасяджэнні ЦВК ССРБ і ЛССР было прынята рашэнне аб утварэнні Літбел.

У лістападзе 1918 г. падчас адступлення нямецкіх войск была створана незалежная польская дзяржава, якая абапіралася на ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Па сутнасці гэта азначала вайну з Савецкай Расіяй, да якой польскае кіраўніцтва пры фінансавай падтрымцы буйнейшых заходніх краін было падрыхтавана. У снежні 1918 г. Польшча перайшла ў наступленне на беларускія і ўкраінскія землі. Да сакавіка 1919 г. польскія войскі акупіравалі шэраг беларускіх гарадоў. Урад Літбел, які праводзіў жорсткую палітыку ваеннага камунізму (харчразвёрстка, палітычныя рэпрэсіі, адмова ад перадачы зямлі непасрэдна сялянам), не здолеў арганізаваць абарону. У жніўні 1919 г. быў захоплены Мінск. Восенню фронт усталяваўся на р. Беразіна.

Плакат РОСТА часоў савецка-польскай вайныНа занятых тэрыторыях польскія акупанты праводзілі надзвычай жорсткую палітыку. Толькі ў некаторых кіраўнікоў БНР захаваліся ілюзіі адносна прызнання незалежнасці беларускай дзяржавы. Рада БНР раскалолася па пытанні супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Да арганізаваных камуністамі і эсэрамі партызанскіх атрадаў пачалі далучацца прадстаўнікі іншых палітычных сіл. Распачатае вясной 1920 г. наступленне палякаў дазволіла ім захапіць шэраг беларускіх і ўкраінскіх гарадоў. Летам Чырвоная Армія пачала контрнаступленне, і да жніўня 1920 г. ўся тэрыторыя Беларусі была занята савецкімі вайскамі. У гэтых умовах Савецкая Расія была вымушана пачаць супрацоўніцтва з буржуазным урадам Літвы. Пра Літбел размовы больш не ішло. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску была прынята дэкларацыя, якая абвяшчала незалежнасць Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь. У жніўні 1920 г. польская армія здолела перайсці ў наступленне пад Варшавай і зноў заняць значную частку Беларусі. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе быў падпісаны дагавор з Польшчай аб перамір'і.

Чырвоная Армія (плакат)Падпісанне перамір'я не спыніла ваенных дзеянняў. Пры падтрымцы польскага боку ў лістападзе на тэрыторыю Беларусі ўвайшлі атрады пад кіраўніцтвам С. Булак-Балаховіча, які абвясціў сябе начальнікам Беларускай дзяржавы. Але пасля захопу Мазыра, Петрыкава, Калінкавіч гэтыя злучэнні былі разбіты. У лістападзе – снежні 1920 г. адбылося ўзброенае выступленне на Случчыне (Слуцкі збройны чын), удзельнікі якога выступалі за беларускую дзяржаўнасць.

18 сакавіка 1921 г. паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога Польшча атрымала заходнюю частку Беларусі з больш чым 4-мільённым насельніцтвам. Усходняя частка Беларусі апынулася ў складзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Брэст пасля баёў

 

Разбураны мост у Вільні

 

Ю. Пілсудскі, адзін з лідараў і духоўных бацькоў Польскай дзяржавы

 

М. Тухачэўскі, камандуючы Заходнім фронтам Чырвонай арміі

 

В. Ластоўскі, старшыня Народнай рады БНР у 1919 г.

 

М. Улашчык пра харчразвёрстку

 

 


Dzmitry Samakhvalau © 2005

Hosted by uCoz