Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Змест лекцый

Слоўнік
Літаратура
Іншыя землі
ФОРУМ
Пошта

 

 Слоўнік гісторыі Беларусі

Аўтары: Дз. Самахвалаў, В. Лянцэвіч

 

A - Б   В - І   К - М   Н - П   Р - Я

Радзімічы - аб'яднанне ўсходне-славянскіх плямён, якія абіталі ўздоўж р. Сож, паміж р. Дняпро і Дзясна. Паводле летапіснай традыцыі назва аб'яднання пайшла ад Радзіма, які прывёў плямёны з тэрыторыі Польшчы. Праз землі радзімічаў праходзіў гандлёвы шлях з Каспійскага мора і Паволжа ў Заходнюю Еўропу. У ІХ ст. знаходзіліся ў залежнасці ад прыкаспійскага народу - хазараў, якім плацілі даніну. У 885 г. падпарадкаваны кіеўскім князем Алегам. У 984 г. канчаткова разбіты кіеўскімі войскамі ля Прапойску (Слаўгарада) на р. Пяшчані. На землях радзімічаў былі заснаваны гарады Крычаў, Прапойск, Гомель, Рагачоў, Чачэрск. Апошні раз у пісьмовых крыніцах узгадваюцца ў 1169 г.

РАДОВІЧЫ - катэгорыя залежнага насельніцтва ва ўсходнеславянскіх землях у ІХ - ХІІІ стст. Заключалі з феадалам дамову (раду), паводле якой выконвалі пэўныя павіннасці.

РАМАНСКІ СТЫЛЬ (ад лац. rōmānus – рымскі) – накірунак у заходнееўрапейскім мастацтве Х-ХІІІ стст.; характэрызуецца цяжкімі масіўнымі формамі, статычнасцю, плоскасным характарам і схематызмам кампазіцыі, умоўнасцю трактоўкі выяваў.

РАМАНТЫЗМ – ідэйны і мастацкі рух, які ўзнік у краінах Еўропы на рубяжы ХVІІІ-ХІХ стст.; адзначаецца арыентацыяй на голас пачуццяў.

Рокаш - ўзброенная шляхецкая апазіцыя ў Рэчы Паспалітай (ад назвы поля Рокаш, на якім сеймавала венгерская шляхта).

РЭНЕСАНС (АДРАДЖЭННЕ) – эпоха ў культурным і ідэалагічным развіцці краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы (ХІV-ХVІ стст.), асноўным зместам якой з'яўляецца гуманізм. У выяўленчым мастацтве – стыль, які змяніў гатычны, успрыняўшы элементы антычнага мастацтва.

РЭФАРМАЦЫЯ (ад лац. reformatio – пераўтварэнне) – шырокі рэлігійны, грамадска-палітычны і сацыяльна-культурны рух у Заходняй Еўропе ХVІ ст., накіраваны супраць каталіцкай царквы.

САНАЦЫЯ - дзяржаўна-палітычны рэжым у Польшчы (ад лацінскага sanatio - аздараўленне), усталяваны ў выніку майскага дзяржаўнага перавароту 1926 г., на чале якога стаяў Ю. Пілсудскі. Санацыя прадугледжвала стабілізацыю ўнутранай эканамічнай і палітычнай сітуацыі, а таксама карэнныя змены ў знешней палітыцы Польшчы, якая знаходзілася ў варожых адносінах як з СССР, так і з Германіяй. Дзякуючы папулярнасці асобы Ю. Пілсудскага, яго крытычным адносінам да палітыкі папярэдніх урадаў, усталяваны рэжым спачатку атрымаў падтрымку шырокіх мас насельніцтва, у тым ліку ў Заходняй Беларусі. Аднак, працяг палітыкі паланізацыі і ўзмацненне рэакцыі вымусіў большасць заходнебеларускіх палітычных дзеячоў выступіць супраць новага курсу.

Саслоўе - у феадальным грамадстве буйная група насельніцтва, якая у сілу законаў або традыцыі мае пэўныя прывілегіі і абавязкі.

СЕКУЛЯРЫЗАЦЫЯ (ад лац. sekularis – свецкі) – першапачаткова – ператварэнне царкоўнай маёмасці ў свецкую; зараз – пазбаўленне палітычнага, эканамічнага, культурнага, духоўнага жыцця грамадства ад рэлігійнага ўплыву.

СІЯНІЗМ - яўрэйскі нацыянальны ідэялагічны рух. Узнік у 1880-ых гг. у Заходняй Еўропе. Заснавальнік сіянізму аўстрыйскі журналіст Т. Герцль прызываў лічыць усіх яўрэяў свету адзінай нацыяй, адмовіцца ад сацыяльна-палітычнай барацьбы на карысць стварэння асобнай яўрэйскай дзяржавы. У 1897 г. у Базэле (Швейцарыя) адбыўся першы сіяністскі кангрэс, на якім прысутнічалі прадстаўнікі беларускіх яўрэйскіх абшчын. У 1902 г. у Мінску праводзілася 2 Усерасійская сіяністская канферэнцыя. На Беларусі дзейнічалі шматлікія гурткі, таварыствы і партыі, спавядаўшыя асноўныя прынцыпы сіянізму, у тым ліку Сіянісцка-сацыялістычная партыя і "Паалей Цыон" ("Рабочыя Сіона").

СЛАВЯНЕ - злучнасць індаеўрапейскіх этнасаў, якія размаўляюць на славянскіх мовах. Падзяляюцца на ўсходніх (беларусы, рускія, украінцы), заходніх (палякі, чэхі, славякі, лужыцкія сорбы) і паўднёвых (сербы, харваты, македонцы, муслімане, чарнагорцы, балгары). Першасныя славянскія плямёны сфарміраваліся, відавочна, на тэрыторыі Паўднёвай Польшчы не пазней за 2 тысячагоддзе да н. э. Упершыню ўзгадваюцца у пісьмовых крыніцах у І - ІІ стст. н. э. У VI - VII стст. пачалі засяляць тэрыторыю Беларусі.

СМАЛЬТА – рознакаляровыя кавалачкі шкляных сплаваў.

СМЕРДЫ - асабіста вольныя сяляне, абшчыннікі. Асноўная група насельніцтва беларускіх земляў у XI - XII стст.

Сойм - саслоўна-прадстаўнічы заканадаўчы сход ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Узнік у XV ст. як сход шляхты.

траісты саюз - ваенна-палітычны блок Германіі, Аўстра-Венгрыі і Італіі, сфарміраваны ў 1879 - 1882 гг. з мэтай сумеснага працістаяння ўплыву Францыі і Расіі. Канчатковае пагадненне паміж трыма краінамі было падпісана 20 мая 1882 г. у Вене. Удзельнікі абавязваліся прымаць удзел у міждзяржаўных саюзах і пагадненнях, накіраваных супраць аднаго з іх, а таксама аказваць узаемную падтрымку. Дагавор праіснаваў да 1915 г., пакуль Італія ў ходзе Першай Сусветнай вайны не перайшла на бок Антанты.

УНІЯЦТВА (ад лац. unio – саюз, аб'яднанне) – хрысціянская плынь, якая ўзнікла ў Рэчы Паспалітай пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі (1596) паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі; прызнае вяршэнства Папы Рымскага і прымае каталіцкія дагматы пры захаванні традыцыйнага праваслаўнага культа.

Феадалізм - грамадска-эканамічны і палітычны лад, які характэрызуецца наступнымі рысамі: панаваннем натуральнай гаспадаркі, саслоўным падзелам грамадзства, надзяленнем непасрэдных вытворцаў (сялян) сродкамі вытворчасці і зямлёй, асабістай залежнасцю сялян ад памешчыкаў ці дзяржавы і надзвычай марудным развіццём вытворчых тэхналогій.

ФРЭСКА – адзін з асноўных відаў манументальнага мастацтва, размалёўка па свежай сырой тынкоўцы.

ХРЫСЦІЯНІЗАЦЫЯ – працэс распаўсюджвання хрысціянскага светапогляду, умацавання хрысціянскага веравызнання і культу сярод насельніцтва пэўнай тэрыторыі.

Цэх - у феадальным горадзе - карпаратыўнае аб'яднанне рамеснікаў, звычайна адной спецыяльнасці, для сумеснай абароны сваіх эканамічных, палітычных і культурных інтарэсаў. На Беларусі вядомы таксама як стараствы.

Чынш - грашовы аброк ў XVI - XIX стст.

ЧЭЛЯДЗЬ - слугі.

ШКОЛЬНЫ ТЭАТР – тэатр пры духоўных (акадэміі, брацкія школы) навучальных установах.

Шляхта - ваенна-служылае саслоўе ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

ЭКЛЕКТЫКА (ад грэч. eklégo – выбіраю) – мастацкі накірунак у архітэктуры, які арыентуецца на выкарыстанне ў адным будынку розных форм мінулых стыляў; распаўсюджаны ў беларускай архітэктуры другой паловы ХІХ- пач. ХХ стст. у форме розных неа-стыляў (раманскага, готыкі, рускага, класіцызма, інш.).

Эсэры - сацыялісты-рэвалюцыянеры. Прыхільнікі ідэі народніцкага сацыялізму і часткова марксізму ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. У сваёй рэвалюцыйнай дзейнасці арыентаваліся пераважна на сялянства і частку рабочых. Карысталіся тактыкай тэрору. У 1899 - 1900 гг. на Беларусі дзейнічала эсераўская Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі, заснаваная мінскім урачом Г. Гершуні. У 1902 г. узнікла адзіная Расійская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у якой Г. Гершуні ўзначальваў баявую арганізацыю. З 1904 г. на Беларусі дзейнічала Паўночна-заходняя абласная арганізацыя партыі. У 1918 г. была сфарміравана Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР), падтрымаўшая ідэю стварэння Беларускай народнай рэспублікі. У 1921 г. у выніку рэпрэсіўных мер савецкага ўраду БПСР фактычна спыніла сваю дзейнасць на ўсходзе Беларусі. У Заходняй Беларусі падпольныя і партызанскія атрады БПСР актыўна дзейнічалі да 1922 г. У 1924 г. частка заходнебеларускіх эсэраў (БРА) далучылася да КПЗБ. З'езд былых дзеячоў партыі, скліканы ў чэрвені 1924 г. у Мінску, канстатаваў поўны распад БПСР. Па справе эсэраў (1937 г.) былое кіраўніцтва БПСР было прыцягнута да суда і прыгаворана да растрэлу.

Этнас - гістарычна склаўшаяся, устойлівая супольнасць людзей, дзя якой характэрныя агульная тэрыторыя пражывання, мова і самасвядомасць. Традыцыйна ў савецкай і пастсавецкай этналогіі вылучаюць наступныя стадыі развіцця этнічнай супольнасці - племя, народнасць, нацыя.

ЭТНІЧНАЯ САМАСВЯДОМАСЦЬ – усведамленне людзьмі сваёй прыналежнасці да пэўнага народа; адной з форм выражэння з'яўляецца саманазва (этнонім) народа.

          ЮРЫДЫКА - частка феадальнага горада, якая кіруецца тым ці іншым правам. Так, гарадская юрыдыка ўваходзіла ў сферу гарадскога права. Пры набыцці зямельных надзелаў унутры горада феадалы таксама імкнуліся ствараць свае юрыдыкі.

Akavita

 Rating All.BY

 

 

Dzmitry Samakhvalau © 2005

Hosted by uCoz