Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Курс лекцый

Слоўнік
Літаратура
Псіхагісторыя
Іншыя землі
Абоі
ФОРУМ
Пошта

 

 Слоўнік гісторыі Беларусі

Аўтары: Дз. Самахвалаў, В. Лянцэвіч

 

A - Б   В - І   К - М   Н - П   Р - Я

ваенны камунізм - эканамічная палітыка Савецкай дзяржавы ў 1918 - 1920 гг. Складаўся з шэрагу надзвычайных мер: нацыяналізацыі прамысловай вытворчасці, жорсткай цэнтралізацыі кіравання эканомікай, забароны прыватнага гандлю харчовымі і найбольш дыфіцытнымі таварамі (асабліва хлебам), карткавай сістэмы размеркавання тавараў, частковай адмены грошаў, харчразверсткі і г. д. Увядзенне палітыкі "ваеннага камунізму" часткова тлумачыцца цяжкасцямі, якія перажывала дзяржава ў сувязі з Грамадзянскай вайной і іншаземнай інтэрвенцыяй, але вялікі ўплыў мелі і ідэялагічныя перакананні савецкага кіраўніцтва. Пад час існавання Літбела (зіма - лета 1919 г.) палітыка "ваеннага камунізму" суправаджалася асабліва жорсткімі формамі у сферы сельскай гаспадаркі. Улады адмаўляліся размяркоўваць памешчыцкія землі паміж сялянамі, спадзеючыся, што створаныя на іх камуны і арцелі паступова выціскнуць прыватную сялянскую гаспадарку. Усё гэта выклікала масавую незадаволенасць сярод сялян і часткі гарадскога насельніцтва.

Валока - асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў ВКЛ. Прыкладна роўная 21,36 га. Складалася з 30 моргаў або 9000 прутоў.

ВАЛОЧНАЯ ПАМЕРА - аграрная рэформа, якая праводзілася ў ВКЛ на працягу другой паловы XVI - пач. XVII ст. Распачата ў 1557 г. па ініцыятыве каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорца, маці Жыгімонта ІІ Аўгуста, з мэтай павелічэння дзяржаўных даходаў. Складалася з праверкі правоў на зямлю, стварэння комплекснай панскай гаспадаркі - фальварка, увядзення адзінай меры абкладання залежных сялян - валокі, рэгламентацыі іх павіннасцяў, разбурэння сялянскай абшчыны і г. д. У поўным аб'ёме рэформа праводзілася на тэрыторыі Заходняй і Цэнтральнай Беларусі, спачатку на дзяржаўных, а пасля - прыватных і царкоўных землях. Памера садзейнічала паскарэнню запрыгоньвання сялян і фарміраванню адзінага сялянскага саслоўя.

ВАРАГІ - назва выхадцаў з краін Скандынавіі (ад швед. vaerinjar - воін-найміт), якія наведвалі ў VIII - XI стст. Усходнюю Еўропу. Варагі актыўна займаліся гандлем, служылі ў дружынах мясцовых князёў. З варагаў паходзілі княскія дынастыі Рурыкавічаў і Рагвалодавічаў.

Веча - народны сход (ад старажытнаслав. вет - рада) у старажытнарускіх гарадах. Збіралася па неабходнасці ці па ініцыятыве князя. У ХІ - ХІІ стст. у беларускіх гарадах, асабліва ў Полацку, веча адыгрывала вялікую ролю ў дзяржаўным жыцці. Яно вырашала найбольш вострыя палітычныя і эканамічныя пытанні, магло абвяшчаць вайну ці заключаць мірнае пагадненне, прымаць ці выганяць князя. Удзел у веча прымалі толькі дарослыя мужчыны. Пастановы адабраліся крыкам. Магчыма, што ў некаторых буйных гарадах Беларусі веча праіснавала да XIV - XVI стст. і пасля прыняцця Магдэбургскага права было заменена на іншыя органы гарадскога самакіравання.

Вотчына - прыватнае зямельнае ўладанне феадалаў на Беларусі і іншых усходнеславянскіх землях.

вярхоўны савет - вышэйшы пастаяннадзеючы, аднапалатны, заканадаўчы орган у БССР (1938 - 1991 гг.) і Рэспубліке Беларусь (1991 - 1996 гг.)

ГАТЫЧНЫ СТЫЛЬ (ад франц. gothique – назвы племені готаў) – мастацкі, пераважна архітэктурны стыль у Еўропе, які прыйшоў на змену раманскаму (ХІІ-ХVІ стст.), адметны ўзнёслымі формамі, ажурнымі ўпрыгожваннямі, стральчатымі аркамі, вітражамі.

Гета - адасобленная частка заходнееўрапейскага горада, дзе пражывалі прадстаўнікі нацыянальных ці рэлігійных меньшасцяў (звычайна яўрэі). У беларускіх гарадах XV - XVIII стст. таксама існавалі яўрэйскія кварталы, яўрэі складалі самастойную абшчыну - кагал. Аднак, адасобленных ад горада гета не было. Пад час Другой Сусветнай вайны гета ствараліся акупацыйнымі ўладамі для ізаляцыі і далейшага знішчэння яўрэйскага насельніцтва ў Мінску, Брэсце, Навагрудку, Слоніме і іншых беларускіх гарадах. Тэрыторыі гета абносіліся калючым дротам і ахоўваліся войскамі ці паліцыяй. Зняволенныя павінны былі насіць спецыяльныя апазнавальныя знакі, падпарадкоўвацца жорсткаму распарадку. Несанкцыянаваны выхад з гета караўся смерцю.

ГРАФІКА – від выяўленчага мастацтва, заснаваны на малюнку, выкананым без выкарыстоўвання фарбаў.

грыўнЯ - сярэнявечная грашова-вагавая адзінка ў краінах Усходняй Еўропы. Звычайна была распаўсюджана ў выглядзе зліткаў са срэбра ці іншых каляровых металаў.

ГУМАНІЗМ – культурны рух эпохі Адраджэння, аснову якога складалі прынцыпы абсалютнай духоўнай незалежнасці, самакаштоўнасці чалавечага жыцця, натуралізму.

Дзякла - натуральны аброк сельскагаспадарчымі прадуктамі, які збіралі феадалы ВКЛ з сялян. Мог быць па жаданню заменены на адпаведную грашовую выплату.

ДРУЖЫНА - ваенная арганізацыя ў старажытнарускім грамадстве. Відавочна, мае старажытнае дадзяржаўнае паходжанне. У раннефеадальны перыяд выконвала функцыю княскай ці баярскай гвардыі, галоўнай сілы войска. Колькасць служачых у дружыне была невялікай, рэдка перавышала некалькі сот чалавек. Буйныя дружыны падзяляліся на малодшую і старэйшую. Аснову апошняй складалі княскія мужы ці баяры. Дружыннікі былі прафесійнымі ваярамі, звязанымі з князем прысягай ці асабістай дамовай. Яны аб'ядноўваліся ў таварыства ці братства, фармальна лічыліся роўнымі, удзельнічалі ў кіраванні дзяржавай, выконвалі розныя даручэнні князя, за што атрымоўвалі частку даніны і ваеннай здабычы, пазней - зямельную маёмасць.

Дрыгавічы - аб'яднанне ўсходнеславянскіх плямён (VIII - XIІ стст.), якое займала тэрыторыю Паўднёвай (на усход ад Дняпра) і Цэнтральнай Беларусі. Асноўным заняткамі дрыгавічоў былі земляробства і жывёлагадоўля. Вялікую ролю (асабліва на Палессі) адыгрывалі паляванне і бортніцтва. Першае дзяржаўнае ўтварэнне (Тураўскае княства) на землях дрыгавічоў упершыню ўзгадваецца ў Х ст.

ЗАКУПЫ - катэгорыя залежнага насельніцтва ва ўсходнеславянскіх землях у ІХ - ХVI стст. Закупамі звычайна станавіліся збяднелыя ці выгнанныя з абшчыны сяляне, якія бралі ў феадала грашовую ці натуральную пазыку (купу) і павінны былі яе адпрацаваць. Заканадаўства дазваляла феадалу выкарыстоўваць у дачыненні закупаў фізічнае пакаранне ці нават ператвараць іх у халопаў.

ЗАМАК - ваенна-фартыфікацыйны комплекс, які складалаўся з некалькіх замкнёных абарончых збудаванняў. На Беларусі замкі (Гродзенскі, Крэўскі, Магілёўскі, Ляхавіцкі, Мінскі, Быхаўскі, Слуцкі, Лідскі і інш.) будаваліся на працягу XII - XVIII стст. З XVI ст. вядомыя палаца-замкавыя комплексы (Нясвіжскі, Мірскі, Гальшанскі і інш.). Галоўную ролю ў архітэктурнай кампазіцыі апошніх адыгрываў палац. 

ЗАХОДНЕРУСІЗМ – накірунак грамадска-палітычнай думкі на Беларусі ў ХІХ- пач. ХХ стст.; грунтуецца на адмаўленні прызнання беларусаў як асобнага этнаса і лічыць іх адгалінаваннем рускага народа.

ЗАХОДНЯЯ ВОБЛАСЦЬ - адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Расійскай рэспублікі (пазней РСФСР). Утворана у чэрвені 1917 г. з мэтай цэнтралізацыі кіраўніцтва саветаў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губерній з цэнтрам у Мінску. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі тэрыторыя вобласці была пашырана за лік Віцебскай (1917 г.) і Смаленскай губерній (1918 г.) Вышэйшым заканадаўчым органам стаў Аблвыканкамзах. У лютым 1918 г. у сувязі з наступам нямецкай арміі цэнтр вобласці перанесены ў Смаленск. У верасні 1918 г. Заходняя вобласць атрымала назву Заходняй Камуны. Скасавана пасля абвяшчэння БССР (2 студзеня 1919 г.)

ІНДУСТРЫЯЛІЗАЦЫЯ - стварэнне буйной машыннай вытворчасці і пабудова высокапрадукцыйнай эканомікі на аснове тэхнічных рэсурсаў. Да 1920-ых гг. на Беларусі працэс індустрыялізацыі меў надзвычай запаволенныя тэмпы. У БССР, як і ў іншых савецкіх рэспубліках, паскарэнне індустрыялізацыі у канцы 1920-ых гг. было выклікана пераходам да планавай эканомікі. Каб знайсці сродкі на будаўніцтва вялікай колькасці новых прадпрыемстваў, улады рэспублікі замарожвалі зарплату рабочых, скарачалі выдаткі на сацыяльную сферу, павялічвалі прамыя і ўскосныя падаткі. Прыбытак таксама давалі манаполія на вытворчасць і продаж гарэлкі, абавязковыя доўгатэрміновыя пазыкі ў насельніцтва, а таксама дапамога з боку цэнтральнага кіраўніцтва. Вынікамі індустрыялізацыі канца 1920 - 1930-ых гг. сталі адкрыццё новых буйных прадпрыестваў, з'яўленне новых галін вытворчасці (паліўнай, энергітычнай і г. д.), павелічэнне колькасці рабочых і ліквідацыя беспрацоўя. Адмоўнымі з'явамі паскоранай індустрыялізацыі былі зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва ў першай палове 1930-ых гг., заняпад сацыяльнай сферы і недахоп кваліфікаваных спецыялістаў.

Akavita

 Rating All.BY

 

 

Dzmitry Samakhvalau © 2005

Hosted by uCoz