Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Курс лекцый

Слоўнік
Літаратура
Псіхагісторыя
Іншыя землі
Абоі
ФОРУМ
Пошта

 

 Слоўнік гісторыі Беларусі

Аўтары: Дз. Самахвалаў, В. Лянцэвіч

 

A - Б   В - І   К - М   Н - П   Р - Я

аблвыканкамзах - абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту. Дзейнічаў 26 лістапада 1917 - 2 студзеня 1919 гг. як вышэйшы заканадаўчы орган савецкай улады на Заходнім фронце і ў Заходняй вобласці. Фактычна знаходзіўся пад кіраўніцтвам Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б). Першы старшыня прэзідыума - М. У. Рагазінскі, з 17 студзеня 1918 г. - А. Ф. Мяснікоў.

агароднікі - малазямельныя сяляне ў ВКЛ. Звычайна атрымоўвалі ад феадала ў карыстанне невялікія надзелы (згодна валочнай памеры - 3 моргі зямлі), за якія выконвалі агавораныя павіннасці (звычайна - паншчыну).

АГІЯГРАФІЧНАЯ ЛІТАРАТУРА ("ЖЫЦІІ") – апісанні жыцця і подзвігаў людзей, прылічаных хрысціянскай царквой да ліку святых. Падзялялася на біясы (непасрэдныя апісанні жыцця), марцірыі (пакутніцтвы), у каталікоў таксама вылучаліся транслатэоны (апісанні пераносу рэшткаў святых).

АДУКАЦЫЙНАЯ КАМІСІЯ – скарочаная назва Камісіі народнай асветы, заснаваная пасля забароны папам ордэна езуітаў сеймам Рэчы Паспалітай (1773-1775) установа, якая праводзіла агульную рэформу сістэмы адукацыі ў краіне.

антанта - міждзяржаўны ваенна-палітычны блок (ад франц. Entente Cordinale - сардэчнае пагадненне), заснаваны ў 1904 - 1907 гг. Францыяй, Велікабрытаніяй і Расіяй супраць Траістага саюзу. Пад час Першай Сусветнай вайны (1914 - 1918 гг.) Антанта абъядноўвала каля 20 дзяржаў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Расія выйшла з Антанты, што стала адной з прычын падтрымкі членамі Антанты Польшчы, Літвы, Латвіі і іншых сіл у іх барацьбе супраць савецкай улады. Спроба самастойнай інтэрвенцыі Антанты ў Савецкую Расію прывяла да паражэння і распаду блока.

АСАДНІКІ – польскія ваенныя і цывільныя каланісты, якім польскі ўрад паводле спецыяльнага закона 1920 г. выдзяляў землі на тэрыторыі Заходняй Беларусі

АСВЕТНІЦТВА – буржуазная антыфеадальная ідэалогія часоў фарміравання капіталізма; прапаведвала прыярытэт навукі, розуму, асветы ў жыцці чалавека і развіцці грамадства.

"БАГРАЦІЁН" – кодавая назва Беларускай наступальнай аперацыі (23.06.-29.08.1944), у выніку якой уся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад нямецкіх акупантаў.

БАЗІЛІКА – шырока распаўсюджаны тып кампазіцыі хрысціянскіх храмаў.

БАЛТЫ - злучнасць індаеўрапейскіх этнасаў, якія размаўляюць на балтыйскіх мовах. Сфарміраваліся ў 3 - 2 тысячагоддзі д. н. э. на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы. У канцы 3 тысячагоддзя д. н. э. - VI ст. н. э. складалі асноўную частку насельніцтва беларускіх земляў. У IX - XII стст. пісьмовыя крыніцы ўзгадваюць шэраг балтскіх этнасаў (прусы, ятвягі, куршы, латгалы, земгалы, жамойты, літва і г. д. ), якія насялялі паўднёвае і ўсходняе ўзбярэжжа Балтыйскага мора, а таксама паўночна-заходнюю частку сучаснай Беларусі. Балты, якія жылі на тэрыторыі Беларусі, у большасці былі асіміляваныя славянскімі перасяленцамі, што паўплывала на адметнасці і характэрныя рысы мясцовага славянскага насельніцтва, яго мовы і культуры. Асіміляцыя часткі балтаў продкамі беларусаў працягвалася да першай паловы XIX стст. Сучаснымі балтыйскімі народамі з'яўляюцца літоўцы і латышы.

"БАРБАРОСА" – кодавая назва плана вайны Германіі супраць СССР, прынятага ў снежні 1940 г.

БАРОКА (ад італ. Barocco - няправільны, дзіўны) – вядучы накірунак у беларускім мастацтве ХVІ-ХVІІІ стст.; адзначаецца ўрачыстасцю, кантраснасцю, ускладненасцю форм, параднасцю, пышным дэкорам. Стыль эпохі Контррэфармацыі.

БАТЛЕЙКА – лялечны тэатр, які з’явіўся на Беларусі ў XVI ст. Назва паходзіць ад старажытнага горада Бітлема (Віфліема), у якім нарадзіўся Іісус. Да ХІХ ст. у рэпертуары батлейкі пераважала рэлігійная тэматыка.

БАЯРЫ - ваенна-служылы слой феадальнага грамадства ў IX - XVI стст. У раннефеадальны перыяд (IX - XIII стст.) так звычайна называўся вышэйшы слой феадалаў, якія служылі князю, мелі свае вотчыны, слуг і залежных сялян. У ВКЛ баярамі называлі як частку феадалаў (пазней гэты тэрмін выціскнуты паняццем "шляхта"), так і сялян-слуг (баяры панцырныя, путныя і г. д.).

БЕЛАРУСКАЯ РЭЗЬ – назва манументальнай аб'ёмна-ажурнай пазалочанай разьбы па дрэве ў форме перапляцення расліннага арнамента з выявамі жывёл, птушак, чалавека.

БРАЦТВЫ – рэлігійныя арганізацыі, якія дзейнічалі ў ХVІ-ХVІІІ стст. пры праваслаўных і ўніяцкіх цэрквах. Займаліся культурна-асветніцкай справай.

Буржуазія - грамадскі клас (ад франц. bourgeosie - гараджане), які ўдзельнічае ў арганізацыі рынкавай гаспадаркі і жыве за кошт інвестыцыяў капіталу.

Akavita

 Rating All.BY

 

 

Dzmitry Samakhvalau © 2005

Hosted by uCoz