Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Змест лекцый

Слоўнік
Літаратура
Іншыя землі
ФОРУМ
Пошта

 

 Развіццё беларускай культуры ва ўмовах царскай Расіі (канец XVIII - пач. XX стст.)

Пасля далучэння беларускіх зямель царскія ўлады, імкнучыся інтэграваць у сваю дзяржаўную структуру новыя тэрыторыі, праводзілі адпаведную палітыку. Значны ўплыў на развіццё беларускай культуры ў гэты час аказвае спачатку пераважна польская, а пазней, асабліва ў 1860-х гг. – руская культура, назіраецца цесная сувязь з культурамі ўкраінскага, літоўскага, яўрэйскага і іншых народаў. Культура беларускіх зямель сутыкаецца з жорсткім прыгнётам з боку царскай улады, якая імкнецца даказаць, што Беларусь з'яўляецца заходняй часткай Расійскай імперыі, а яе насельніцтва не мае сваёй этнічнай асаблівасці (ідэалогія "заходнерусізму").

Беларускі жаночы стройТым не менш менавіта ў гэты час беларускі этнас фарміруецца як нацыя. Нацыяй называецца ўстойлівая этнасацыяльная супольнасць людзей, якая, у адрозненне ад народнасці, характарызуецца не толькі агульнымі тэрыторыяй, мовай, культурай, але таксама цеснымі эканамічнымі, сацыяльна-палітычнымі і культурнымі сувязямі паміж рэгіёнамі, больш высокім узроўнем этнічнай самасвядомасці. Фарміраванне беларускай нацыі ішло ва ўмовах развіцця капіталістычных адносін і ўнутранага рынку, росту гарадоў і гарадскога насельніцтва. Паступова фарміруюцца новыя класы наёмных рабочых (шматнацыянальны) і буржуазіі (пераважна небеларускага паходжання). У канцы ХІХ ст. 90 % этнічных беларусаў пражывала ў сельскай мясцовасці; працэс кансалідацыі таксама стрымлівала слабасць нацыянальнай буржуазіі. З пачатку ХІХ ст. ўсе тэрыторыі  з пераважнай доляй пражывання беларускага насельніцтва ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. Тое, што беларусы не мелі сваёй дзяржаўнасці, а таксама ідэалагічная палітыка непрызнання адметнасці  беларускага народа, перашкоды ва ўжыванні беларускай мовы замаруджвалі этнаўтваральныя працэсы. Канчатковае замацаванне тэрміну "Беларусь", "беларусы" за ўсёй этнічнай тэрыторыяй Беларусі адбываецца ў другой палове ХІХ ст. ў сувязі з развіццём беларусазнаўства, якое садзейнічала ўмацаванню нацыянальнай самасвядомасці. Але на пачатку ХХ ст. працэс фарміравання беларускай нацыі яшчэ не быў завершаны.

На пачатку ХІХ ст. на Беларусі, як і ў іншых землях Імперыі, адбылася адукацыйная рэформа. Была сфарміравана шматступенчатая сістэма адукацыі: пачатковыя школы – прыходскія вучылішчы  – павятовыя вучылішчы – гімназіі – Віленскі універсітэт (1803 – 1832), адчынены на месцы Галоўнай школы ВКЛ. У 1812 – 1820 гг. працавала Полацкая акадэмія. Але царскі ўказ 1827 г. абмяжоўваў магчымасць атрымання вышэйшай і сярэдняй адукацыі для прадстаўнікоў непрывілеяваных саслоўяў. Навучанне вялося толькі на польскай і рускай мовах. Пасля задушэння паўстання 1830 – 1831 гг. па ініцыятыве ўрада пачаўся актыўны працэс русіфікацыі. Ён быў накіраваны не толькі супраць ужывання польскай, але і беларускай мовы. Драматычныя падзеі 1863 – 1864 гг. вымусілі ўлады дзейнічаць яшчэ больш жорстка. Пісьмовая беларуская мова апынулася пад забаронай. Былі зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут (1848 – 1864) і шэраг сярэдніх навучальных устаноў. Многія мясцовыя настаўнікі высылаліся з Беларусі. На іх месца накіроўваліся выхадцы з цэнтральных расійскіх губерняў. Узмацніўся кантроль праваслаўнай царквы над адукацыяй.

Падчас новай рэформы 1864 г. школьная адукацыя пераводзіцца пад кіраўніцтва Міністэрства народнай асветы. Пачатковую адукацыю на вёсцы вядуць пачатковыя і народныя вучылішчы (пераўтвораныя ў 1884 г. у царкоўна-прыходскія  і школы граматы), у горадзе – гарадскія вучылішчы. Сярэднюю адукацыю за даволі высокую плату давалі класічныя і рэальныя гімназіі і прагімназіі, жаночыя 7-класныя гімназіі. Да пачатку ХХ ст. сетка навучальных устаноў пашыраецца, але ўзровень адукацыі застаецца нізкім. У другой палове ХІХ ст. хуткімі тэмпамі развіваецца прафесійная адукацыя. На Беларусі з’яўляюцца навучальныя ўстановы, якія даюць спецыяльную адукацыю  ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, медыцыны, педагогікі і інш. Спецыфічнай рысай прафесійнай адукацыі на Беларусі з’яўляецца высокая вага яўрэйскіх навучальных устаноў, што звязана з усталяваннем на нашых землях у канцы ХVІІІ ст. так званай "мяжы яўрэйскай аселасці".

Пружанскія школьнікі

Пачынаецца навуковае даследаванне Беларусі. Ужо ў працах К. Калайдовіча ўтрымліваюцца звесткі  аб самабытнасці беларускай мовы. Гэты тэзіс падмацаваны працамі славяназнаўца, этнографа, археолага, фалькларыста З. Даленгі-Хадакоўскага (1784 – 1825). Мінулае Літвы і Беларусі вывучалі Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы, Т. Нарбут. У навуковых экспедыцыях беларускіх вучоных А. Дамбавецкага, Е. Раманава, П. Шэйна і інш. збіраецца этнаграфічны матэрыял, які сведчыць аб самастойнасці беларускага этнасу. Адметнай рысай пачатку ХХ ст. стала з’яўленне культурна-асветніцкіх навуковых устаноў і таварыстваў. У 1900 – 1914 гг. на Беларусі іх дзейнічала 54. У 1910 г. быў створаны Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства ў Вільні, які надрукаваў 12 прац па этнаграфіі і археалогіі беларускіх зямель.

У вывучэнні Беларусі вялікі ўнёсак заснавальніка беларускага мовазнаўства Я. Карскага (1860 – 1931). Яго трохтомная праца "Беларусы", сапраўдная энцыклапедыя беларусазнаўства, упершыню абгрунтавала нацыянальную самабытнасць беларусаў як асобнага славянскага народа. Для гісторыі Беларусі нямала зрабілі М. Доўнар–Запольскі, М. Нікіфароўскі, А. Семянтоўскі. А. Сапуноў і інш. Даследаванні Беларусі выклікалі немалую цікавасць у культурным свеце і садзейнічалі фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.

У доме-музее А. Міцкевіча ў НавагрудкуЛітаратура Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стст. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх працэсаў. На пачатку ХІХ ст. тут з’яўляюцца стылі рамантызму, для якога характэрна арыентацыя на голас пачуццяў (творы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча), і сентыменталізму з яго ўвагай да ніжэйшых слаёў грамадства, з культам маральных і духоўных каштоўнасцей як асноўнага прынцыпу жыцця (элементы прасочваюцца ў вершах Я. Чачота). Сярод выдатных пісьменнікаў пачатку    ХІХ ст. трэба вылучыць Адама Міцкевіча (1798 – 1855), аўтара рамантычных вершаў і паэм ("Пан Тадэвуш", "Гражына", "Дзяды", "Мешка, князь Навагрудка" і інш.). Акрамя літаратурнай ён актыўна займаўся палітычнай і навуковай дзейнасцю, працаваў у Лазанскім універсітэце (Швейцарыя) і Калеж-дэ-Франс (Францыя).

Большасць літаратурных твораў першай паловы ХІХ ст. пісалася на польскай мове. З пачатку ХІХ ст. пачынаецца новы этап у гісторыі беларускай літаратурнай мовы, аснову якой складаў фальклор. Збіралі і пераапрацоўвалі вусную народную творчасць Т. Зан, В. Рэут, А. Грот-Спасоўскі (ён жа                 А. Спасоўскі-Грот) і інш. Па-беларуску пісалі П. Багрым, Я. Чачот, І. Легатовіч. Але пераважная большасць беларускамоўных твораў насіла ананімны характар. Так, толькі ў нашы часы ўстаноўлена верагоднае аўтарства паэм "Энеіда навыварат" (В. Равінскі) і "Тарас на Парнасе" (К. Вераніцын). У 40-я гг. з’яўляецца друкаваная беларуская літаратура: п’еса "Сялянка" В. Дуніна-Марцінкевіча, творы А. Рыпінскага, Я. Баршчэўскага; новыя літаратурныя жанры – апавяданне, балада, лірычны верш. Публіцыстыка стала папулярным жанрам у 60-х гг. ХІХ ст. Яе ўзор – першая беларускамоўная газета "Мужыцкая праўда" К. Каліноўскага, дзе па-майстэрску выкарыстоўваецца форма народнай гутаркі.

Стыль крытычнага рэалізму, што пачынае фарміравацца ў другой палове ХІХ ст., прадстаўлены ў Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, Я. Лучыны. Іх творы дэманструюць абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці. Дастойнымі іх пераемнікамі ў пачатку ХХ ст. становяцца Я. Купала, Я. Колас, А. Пашкевіч (Цётка), М. Багдановіч, Ц. Гартны, З. Бядуля, К. Буйло. Галоўная задача іх твораў – сцвердзіць у свядомасці народа перакананне ў яго самабытнасці, заклікаць да барацьбы з самадзяржаўем, да сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення народа.

Будынак першай публічнай бібліятэкі ў Мінску (імя А. Пушкіна)Пачатак ХХ ст. атрымаў назву "нашаніўскага адраджэння", што звязана са з’яўленнем  першых легальных беларускамоўных газет "Наша доля" (9.–12.1906) і "Наша ніва" (11.1906 – 8.1915). Апошняя адыграла вялікую ролю ў адраджэнні беларускай мовы і культуры народа. Сацыяльнай базай выдання, якое выходзіла тыражом у 4,5 тыс. экз., быў працоўны народ, асабліва сялянства. На старонках "Нашай нівы" ўздымаліся тэмы Беларусі і лёсу яе жыхароў. У працы выдання важную ролю адыгралі дзеячы нацыянальнага адраджэння – браты Луцкевічы, Я. Купала, Я. Колас, Я. Лёсік, В. Ластоўскі, М. Гарэцкі, А. Гарун і інш. Пры газеце выдаваўся штогадовы "Беларускі каляндар" і часопісы "Саха" і "Лучынка", кнігі (за 10 гадоў выдадзена больш за 80 найменняў).

Новыя тэндэнцыі ў гісторыі беларускага тэатра прасочваюцца ў першай палове ХІХ ст., калі В. Дунін-Марцінкевіч у сваім маёнтку Люцынка стварае беларускі тэатр прафесійнага тыпу, які стаў асновай нацыянальнага прафесійнага тэатра. 9.2.1852 г. тут была пастаўлена першая беларуская опера "Сельская ідылія" (музыка С. Манюшкі і К. Кжыжаноўскага, лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча). Але пасля падзей 1863 – 1864 гг. дзейнасць тэатра амаль спынілася. Заснавальнікам новага нацыянальнага прафесійнага тэатра многа пазней стаў Ігнат Буйніцкі. Створаная ім "Першая беларуская трупа" ў 1910 г. стала адметным нацыянальным калектывам, у якім выступалі хор, драматычныя і танцавальныя групы. Своеасаблівым пераемнікам тэатра стала "Першае таварыства беларускай драмы і камедыі" (з 1917 г.).

Архірэйскі дом ў Мінску (псеўдарускі стыль)У выяўленчым мастацтве першай паловы ХІХ ст. больш ярка праступае свецкі характар. Яно развіваецца пад уплывам рамантызму і класіцызму (накірунак еўрапейскай мастацкай культуры ХVІІІ – пачатку ХІХ стст., больш дэмакратычны, чым элітарнае барока, вызначаецца ўрачыстасцю і манументальнасцю). Адным з цэнтраў развіцця беларускага жывапісу, скульптуры і графікі  стаў Віленскі універсітэт. Першыя яго выкладчыкі – Ф. Смуглевіч і Я. Рустэм – былі добра знаёмы з заходнееўрапейскім мастацтвам. Пасля закрыцця Віленскага унівесітэта (1832) вышэйшую мастацкую адукацыю стала магчыма набыць у расійскіх акадэміях. Гэтыя акалічнасці адбіліся на беларускай школе выяўленчага мастацтва, дзе фарміруюцца адметныя жанры – гістарычны (Ф. Смуглевіч, Я. Сухадольскі, Я. Дамель), партрэтны (І. Аляшкевіч, В. Ваньковіч), бытавы (У. Бычкоўскі, К. Русецкі, Ю. Карчэўскі), пейзаж (В. Дмахоўскі), нацюрморт (І. Хруцкі), батальны (Я. Сухадольскі). У другой палове ХІХ ст. у беларускім жывапісе ўсё больш яскрава праступаюць рэалістычныя тэндэнцыі. У Пецярбургу складваецца своеасаблівая беларуская мастацкая школа. У жанравай разнастайнасці жывапісу вызначаюцца пейзажы  А. Гараўскага, гістарычныя палотны К. Альхімовіча, І. Трутнёва, бытавыя і партрэтныя работы Н. Сілівановіча. У пачатку ХХ ст. з’яўляецца шэраг прыватных мастацкіх школ, сярод якіх вылучаецца віцебская школа Ю. Пэна, з якой выйшлі К. Малевіч і М. Шагал. Найбольш распаўсюджаным жанрам становіцца пейзаж (В. Бялыніцкі-Біруля, Ст. Жукоўскі, Ф. Рушчыц). Бытавы жанр набывае вострую сацыяльную афарбоўку (Ю. Пэн, Я. Кругер, Л. Альпяровіч).

Першым прафесійным скульптарам на Беларусі лічыцца К. Ельскі (1782–1867). Ён стварыў сапраўдную галерэю (больш за 50) партрэтаў знакамітых асоб Беларусі, працаваў над аздабленнем культавых і грамадскіх будынкаў. Але ўвогуле беларуская скульптура развіваецца ў гэты час даволі слаба. Класіцызм яшчэ доўга не можа выцесніць у драўлянай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры барока і ракако. Вызначаецца высокі прафесіяналізм Я. Астроўскага, Р. Слізеня. У стылі мадэрн працавалі В. Бубноўскі, А. Краснапольскі, Я. Тышынскі і інш.

У беларускай архітэктуры першай паловы ХІХ ст. пануе класіцызм з яго кампактнасцю аб’ёмаў, правільнымі геаметрычнымі планамі, прастатой дэкору фасадаў. На Беларусі працуюць архітэктары М. Львоў, Я. Гуцэвіч. Яркімі прыкладамі гэтага перыяду  з’яўляецца  палацава-паркавы ансамбль Румянцавых у Гомелі, комплекс у Снове. Ствараюцца планы перапланіроўкі гарадоў, якія прадугледжваюць  руйнаванне абарончых сцен, адводзяць зоны для пражывання розных сацыяльных груп. З’яўляюцца будынкі павятовых і губернскіх праўленняў, судоў і інш. У культавай архітэктуры абмяжоўваецца будаўніцтва касцёлаў, хутка перапыняецца ўзвядзенне уніяцкіх храмаў, а з ім траціцца самабытнасць беларускай архітэктуры. Некаторыя праваслаўныя храмы будуюцца ў псеўдарускім стылі (так званыя "мураўёўкі").

Будынак прыватнага гатэлю ў Мінску (мадэрн)Росквіт новага архітэктурнага накірунку – "гістарызму" (электызму) прыпадае на другую палову ХІХ ст. Ён вызначаецца спалучэннем розных так званых неастыляў – раманскага, готыкі, барока, класіцызму, псеўдавізантыйскага і інш. (палац у г. Косава Івацэвіцкага раёна, касцёл св. Сымона і Алены ў Мінску, мужчынская гімназія ў Гомелі і інш.). Пашыраецца выкарыстанне ў будаўніцтве новых матэрыялаў – чыгуну, жалезабетону, цэменту, фабрычнай дахоўкі.  З’яўляюццы новыя тыпы будынкаў – чыгуначныя вакзалы, 3–4 павярховыя даходныя дамы.

На мяжы ХІХ – ХХ стст. на глебе эклектыцызму ўзнікае новы мастацкі стыль – мадэрн. Яму ўласціва ўжыванне новых матэрыялаў і прынцыпаў будаўніцтва, а таксама багаты ляпны дэкор, асіметрыя дзвярных і аконных праёмаў, арнаментыка з ужываннем элементаў антычнага і народнага мастацтва, готыкі (даходны дом у Мінску, пазямельна-сялянскі банк у Гродне). У гэтым стылі працавалі  С. Шабунеўскі, В. Марконі, А. Краснапольскі.

Беларуская культура ў ХІХ – пачатку ХХ стст. зрабіла значны крок  наперад у сваім развіцці. Паланізацыя, русіфікацыя, фальсіфікацыя мінуўшчыны, рэпрэсіі супраць нацыянальна свядомых дзеячоў навукі і культуры прыпынілі  працэс развіцця беларускага этнасу. Сапраўдным адраджэннем стаў пачатак ХХ ст., калі на пэўны час з’явіўся шанц на адраджэнне беларускай дзяржаўнасці.

Жанчына ў беларускай нацыянальнай вопратцы

 

Дзяўчаты ў беларускай нацыянальнай вопратцы

 

Полацкая езуіцкая акадэмія

 

Беларускі рушнік

 

Беларускі традыцыйны побыт (Гальшанскі школьны музей)

 

Дом, у якім жыў кампазітар С. Манюшка ў Мінску

 

Замкавая вуліца ў Вільні

 

Будынак імператарскага інстытуту ў Беластоку

 

А. Міцкевіч

 

К. Каліноўскі

 

В. Дунін-Марцінкевіч

 

Ф. Багушэвіч

 

Антон Луцкевіч

 

М. Багдановіч

 

Марк Шагал

 

Праваслаўная царква ў в. Гальшаны (мураўёўка)

 

Дом-музей Э.Ажэшка ў Гродне (тыповая шляхецкая сядзіба)

 

Касцёл Св. Алены і Сымона ў Мінску (псеўдаготыка)

 

Прамысловы будынак у Мінску (мадэрн)


Dzmitry Samakhvalau © 2005

Hosted by uCoz