Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Змест лекцый

Слоўнік
Літаратура
Іншыя землі
ФОРУМ
Пошта

 

 Сацыяльна-палітычнае і эканамічнае становішча Беларусі ў др. пал. ХІХ - пач. ХХ ст.

 

20 лістапада 1857 г. на імя віленскага генерал-губернатара У.І. Назімава быў накіраваны царскі рэскрыпт, які дазваляў ствараць дваранскія камітэты і агульную камісію ў Вільне для распрацоўкі праекта адмены прыгоннага права. Аднак большасць памешчыкаў выступіла супраць вызвалення сялян з зямлёй. Таму Аляксандрам ІІ была створана спецыяльная Рэдакцыйная камісія. Распрацаваны ёю Маніфест аб адмене прыгоннага права і шэраг спецыяльных палажэнняў былі выдадзены 19 лютага 1861 г. Сяляне атрымоўвалі асабістую свабоду і права распараджацца сваёй маёмасцю. Ва ўласнасці памешчыкаў заставаліся ўсе землі, але ў пастаяннае карыстанне сялян пераходзілі іх сядзібы і палявыя надзелы, за што сяляне на працягу 9 гадоў павінны былі знаходзіцца ў стане часоваабавязаных – адпрацоўваць паншчыну і выплачваць аброк. За гэты час сяляне і памешчык павінны былі з дапамогай міравога пасрэдніка (ён выбіраўся з ліку дваран) дамовіцца аб памерах надзелаў (звычайна яны змяншаліся) і выкупных плацяжах за зямлю, якія былі ў некалькі разоў вышэйшыя за рынкавыя цэны, бо разлічваліся з сумы гадавога аброку. Сяляне выплочвалі памешчыку толькі 20 – 25 % ад выкупнога плацяжу. Астатняе памешчыку выплочвала дзяржава каштоўнымі паперамі. Але праз 49 гадоў селянін павінен быў аддаць запазычанасць дзяржаве з улікам 6 % гадавых.

Вынікам рэформы была не толькі ліквідацыя прыгоннага ладу, але і паскарэнне капіталістычных адносін. Многія памешчыкі былі вымушаны інтэнсіфікаваць сваю гаспадарку, астатнія не вытрымлівалі канкурэнцыі і перапрадавалі свае землі чыноўнікам, гараджанам і сялянам. Але большасць сялян таксама пазбаўлялася зямлі ў выніку хуткага росту насельніцтва. На пачатку ХХ ст. толькі 8 – 10 % сялянскіх гаспадарак былі заможнымі, 60 % – бядняцкімі. Бедныя сяляне шукалі працы ў памешчыкаў, а таксама на гарадскіх прадпрыемствах, часта за межамі Беларусі.

Беларускія сялянеАдмена прыгоннага права супала з актывізацыяй новай хвалі рэвалюцыйнага руху на землях былой Рэчы Паспалітай. Рэвалюцыянеры падзяляліся на "белых" і "чырвоных". Большасць "белых" паходзіла з памешчыцкіх колаў. "Чырвоная" плынь была значна больш стракатай па паходжанні. Калі "белыя" ставілі перад сабой мэту – толькі адраджэнне былой дзяржавы, то "чырвоныя" – вырашэнне эканамічных і сацыяльных пытанняў. Летам 1862 г. прадстаўнікі "левых" для падрыхтоўкі паўстання стварылі ў Вільне Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). На чале яго стаяў выдатны дзеяч беларускага дэмакратычнага руху Канстанцін Каліноўскі. Ён выступаў за разгортванне сялянскай рэвалюцыі. Шляхта, на яго думку, з'яўлялася "прагніўшай і разбэшчанай кастай". Разам з У. Урублеўскім і Ф. Ражанскім у 1862 – 1863 гг. К. Каліноўскі выдаваў першую нелегальную газету на беларускай мове "Мужыцкая праўда".

У студзені 1863 г. ў Польшчы пачалося паўстанне. 1 лютага 1863 г. ЛПК таксама звярнуўся да насельніцтва з адозвай браць у рукі зброю. У паўстанні прымала актыўны ўдзел шляхта, некалькі ў меншай ступені – сяляне. Ваенныя дзеянні паўстанцаў нагадвалі партызанскія акцыі – адкрыта ўступаць у бітву з расійскімі войскамі большасць не рашалася. 24 красавіка 1863 г. атрад               Л. Звяждоўскага захапіў павятовы цэнтр Горкі. У гэтым чыне яму дапамагалі студэнты мясцовага земляробчага інстытута.

Аднак спрэчкі паміж "белымі" і "чырвонымі", дрэнная падрыхтоўка і рэпрэсіі царскага ўрада прывялі да паражэння паўстання. 22 сакавіка 1864 г. захоплены ў палон К. Каліноўскі быў пакараны смерцю. Віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў, які атрымаў ад цара неабмежаваныя паўнамоцтвы, жорстка распраўляўся з паўстанцамі. 128 з іх былі пакараны смерцю, 800 – адпраўлены на катаргу, больш за 12 тысяч – высланы з Беларусі. Памешчыкі і сяляне–католікі абмяжоўваліся ў сваіх правах. Быў зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут, апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на Беларусі. Фактычна была забаронена і беларуская мова. Разам з тым, сяляне былі вызвалены ад стану часоваабавязаных. Беззямельныя сяляне атрымоўвалі невялікія надзелы. Пасля падаўлення паўстання царызм таксама правёў некаторыя ліберальныя рэформы: земскую (1864), судовую (1864), гарадскую (1870) і ваенную (1874). Аднак на Беларусі з-за недаверу царскага ўрада да мясцовага насельніцтва гэтыя рэформы ў поўным аб’ёме прайшлі толькі на пачатку ХХ ст.

Рэформы 1860 – 1870-х гг. спрыялі развіццю таварнай вытворчасці. З 1880-х гг. сельская гаспадарка Беларусі паступова пераходзіць ад пераважнага вырошчвання зерневых культур да спецыялізацыі ў малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве і бульбаводстве. У прамысловасці назіраецца пераход ад мануфактурнай да фабрычнай вытворчасці. Яе канцэнтрацыя абумовіла стварэнне акцыянерных таварыстваў. З Беларусі вывозіліся лес, запалкі, тканіны, абутак, кафля, гарбарныя вырабы і інш. Значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Асабліва хутка ішло будаўніцтва чыгункі: у 1870 г. працягласць чыгуначных ліній складала 302 км., у 1902 г. – 2752 км., 1914 г. – 3900 км. Але з-за канкурэнцыі з суседнімі буйнымі прамысловымі рэгіёнамі Расійскай імперыі прамысловасць на Беларусі ўвогуле развівалася марудна.

У другой палове ХІХ ст. у палітычны рух актыўна ўключыліся спачатку прадстаўнікі трэцяга саслоўя – разначынцы, а на пачатку ХХ ст. – і рабочыя. Асаблівай папулярнасцю карысталіся рэвалюцыйныя ідэі, накіраваныя на радыкальныя змены ў грамадстве. З 1860-ых гг. сярод інтэлігенцыі Беларусі пачалі распаўсюджвацца народніцкія ідэі. У 1880-я гг. у розных гарадах дзейнічалі народніцкія гурткі, падпарадкаваныя расійскім арганізацыям “Чорны перадзел” і “Народная воля”. У 1882 г. у Вільне была створана "Арганізацыя "Народнай волі" у Паўночна-Заходнім крае". Многія прадстаўнікі народніцтва на Беларусі шчыра цікавіліся жыццём народа, удзельнічалі ў палітычнай і асветніцкай рабоце. У асноўным, яны арыентаваліся на сялянскія масы і бачылі ў сялянскіх абшчынах правобраз будучага сацыялістычнага грамадства. У 1880-я гг. ў Пецярбургу дзейнічала беларуская народніцкая група "Гоман", якая выдавала нелегальны часопіс на беларускай мове. У 1881 г. адзін з арганізатараў "Гоману", І. Грынявіцкі, разам з рускімі рэвалюцыянерамі здзейсніў замах на Аляксандра ІІ. Бомба, кінутая ім, аказалася для цара смяротнай. Сам І. Грынявіцкі таксама загінуў.

У 1896 г. прадстаўнікі польскай, беларускай і часткова літоўскай інтэлігенцыі стварылі першыя марксісцкія партыі – Літоўскую Сацыял-Дэмакратычную Партыю і Рабочы Саюз Літвы. У 1902 г. на базе маладзёжных асветніцкіх гурткоў была створана Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. У 1903 г. яна змяніла назву на Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ). Актыўна дзейнічалі і яўрэйскія арганізацыі. У 1897 г. прадстаўнікі яўрэйскіх марксісцкіх колаў аб’ядналіся ва Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд). У 1898 г. пры падтрымцы ЦК Бунда ў Мінску адбыўся першы з’езд Расійскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі (РСДРП).

Працэс стварэння палітычных партый значна паскорыўся падчас буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Асноўныя падзеі рэвалюцыі адбываліся па-за межамі Беларусі, аднак і тут праходзілі мітынгі, забастоўкі і сялянкія выступленні. 17 кастрычніка 1905 г. Мікалай ІІ падпісаў маніфест, згодна якому ў Расіі былі дазволены асноўныя грамадзянскія свабоды, а таксама заканадаўчы орган – Дзяржаўную думу. 18 кастрычніка па загадзе губернатара Курлова ў Мінску была расстраляна мірная дэманстрацыя гаражан. Сутычкі з паліцыяй і армейскімі часцямі адбыліся і ў іншых гарадах.

У 1905 – 1906 гг. на падставе маніфеста былі створаны Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, суполкі агульнарасійскіх партый эсэраў, кадэтаў, акцябрыстаў і інш. Актывізавалі сваю дзейнасць суполкі РСДРП, Бунда і іншых сацыялістычных партый. У 1906 г. прыхільнікі БСГ пачалі выдаваць першыя легальныя беларускамоўныя газеты "Наша доля" і "Наша ніва". Дзейнічалі прафсаюзныя аб’яднанні. Царскія ўлады актыўна падтрымлівалі стварэнне рэакцыйных крайне правых арганізацый, накшталт Саюза Рускага Народа і Рускага Акраіннага Саюза, прадстаўнікі якіх спавядалі вялікадзяржаўны шавінізм і арыентаваліся на манархію. 9 ліпеня 1906 г. ўладамі была распушчана І Дума, а 3 чэрвеня 1907 г. і ІІ Дума. Новае выбарчае заканадаўства павінна было садзейнічаць выбранню прыхільнікаў царскага самаўладдзя. Такім чынам, рэвалюцыя скончылася паражэннем. Але яна паказала, што сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне народа залежаць ад яго згуртаванасці і свядомасці.

Каб стрымаць сялянскі рух, урад на чале П. Сталыпіна распачаў у 1906 г. новую аграрную рэформу. Яе сутнасцю было разбурэнне сялянскай абшчыны і паскарэнне капіталістычнага развіцця вёскі. Сялянам дазвалялася выходзіць з абшчыны разам са сваім надзелам, ствараць вотрубы і хутары (з 1911 г. выхад стаў абавязковым). Уласнікі хутароў і вотрубаў маглі атрымаць ад Пазямельнага банка пазыкі для набыцця новай зямлі.

Урад П. Сталыпіна таксама стымуляваў перасяленне сялянскіх сем’яў ў Сібір, на Далёкі Усход, Паўночны Каўказ і г. д. Найхутчэй рэформа адбывалася на захадзе і ў цэнтральнай Беларусі, дзе абшчыннае землекарыстанне было ў большасці ліквідавана яшчэ ў XVI ст. На ўсходзе і поўначы Беларусі да 1916 г. з абшчын выйшла 63 % сялянскіх двароў. У 1904 – 1914 гг. Беларусь пакінула 356 тыс. перасяленцаў. Разам са станоўчымі рысамі, Сталыпінская рэформа мела і адмоўныя: павелічэнне кошту зямлі і колькасці бядняцкіх гаспадарак. 10,9 % перасяленцаў страцілі на новых землях сваю маёмасць і былі вымушаны вярнуцца на радзіму жабракамі.

Александр ІІ

 

К. Каліноўскі

 

Зварот К. Каліноўскага да беларускіх сялян

 

Чыгуначная станцыя ў Беластоку

 

На мінскай вуліцы

 

Служачыя брэсцкай чыгункі

 

Першае лідскае піва

 

Адзін з заснавальнікаў РСЛ, Ф. Э. Дзяржынскі

 

П. Сталыпін

 

 

 


Dzmitry Samakhvalau © 2005

Hosted by uCoz