Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Змест лекцый

Слоўнік
Літаратура
Іншыя землі
ФОРУМ
Пошта

 Беларусь у складзе Расійскай імперыі ў к. XVIII - пач. XIX ст

 

Далучэнне Беларусі да Расіі не ўнесла істотных змен у характар сацыяльных адносін. "Жалованная грамота дворянству" 1785 г. ўраўноўвала беларускую шляхту ў правах з расійскім дваранствам. На Беларусі працягваў дзейнічаць Статут 1588 г. Не забаранялася каталіцкая і уніяцкая царква. У афіцыйным справаводстве ўжывалася польская мова. Пачатак ХІХ ст. нават лічыцца пікам паланізацыі беларускіх зямель.

Разам з тым, большасць гарадоў і мястэчак страцілі права самакіравання. Пагоршылася становішча прыгонных сялян: цяпер яны маглі прадавацца ўласнікам без зямлі і адлучацца ад сям’і. У газетах Санкт-Пецярбурга беларускія памешчыкі часта размяшчалі аб'явы аб продажы сялян. Павялічылася і эксплуатацыя сялянскай працы. Так, у 1785 г. па загадзе князя Р. Пацёмкіна ў Крычаўскім старостве пачалі працаваць некалькі мануфактур і суднаверф, якія мелі надзвычай важнае значэнне для пабудовы расійскага Чарнаморскага флоту. Для працы на мануфактурах і суднаверфі былі сагнаны сотні сялян. Жанчыны староства былі абавязаны здаваць па 6 пудоў пражы ў год для вытворчасці канатаў і парусіны.

Кацярына ІІ і яе сын Павел І выдавалі акты, якія павінны былі палегчыць становішча сялян, аднак яны не выконваліся памешчыкамі. Дзяржаўныя маёнткі актыўна перадаваліся ў рукі расійскіх дваран. Астатнія здаваліся ў арэнду. У 1794 г. была ўведзена мяжа яўрэйскай аседласці. Уся тэрыторыя Беларусі была падзелена на губерні і паветы (уезды). Для кантролю палітычнай сітуацыі ствараліся генерал-губернатарствы з цэнтрамі ў Мінску і Вільне. У 1803 г. быў адчынены Віленскі універсітэт. Дазвалялася адкрыццё школ для сялян, але навучаць іх пісьменнасці забаранялася.

Нягледзячы на значныя саступкі, шляхта Беларусі імкнулася да адраджэння ВКЛ. З гэтай мэтай група дзяржаўных дзеячаў на чале М.К. Агінскага ў 1811 – 1812 гг. падала цару спецыяльны праект. Але зацверджаны ён не быў.

24 чэрвеня 1812 г. 600-тысячная армія Напалеона, у склад якой уваходзіла 100 тысяч палякаў, перайшла межы Расіі і на працягу аднаго месяца заняла большую частку Беларусі. Расійскія войскі арганізавана адступалі, наносячы непрыяцелю цяжкія паражэнні. Пад Смаленскам расійскія арміі аб’ядналіся. Спадзяванне Напалеона разбіць іх па адной не спраўдзілася.

Многія шляхціцы і гараджане сустракалі напалеонаўскія войскі як вызваліцеляў. 1 ліпеня 1812 г. ў Вільне Напалеон стварыў асобны ўрад ВКЛ. У яго армію ўступіла каля 20 тысяч добраахвотнікаў. Сярод сялян распаўсюдзіліся чуткі, быццам бы французы адменяць прыгоннае права. Яны адмаўляліся выконваць павіннасці, беглі ў лясы, палілі панскія маёнткі, супраціўляліся напалеонаўскім салдатам. Напалеону ўдалося захапіць Маскву, але восенню 1812 г. ён пачаў адступленне. Баі зноў перамясціліся на Беларусь. Пры пераправе праз раку Бярэзіна ля вёскі Студзёнка французкі імператар згубіў амаль палову сваёй арміі. 5 снежня Напалеон пакінуў лагер у Смаргоні і збег у Парыж. 13 снежня толькі 1600 салдат яго арміі здолелі пакінуць Расію. Вайна нанесла Беларусі вялікія чалавечыя і эканамічныя страты. Толькі ў Мінскай губерні загінула больш за 50 тысяч чалавек. У Віцебскай губерні не засталося ніводнага каня.

Пасля вайны 1812 г. рух супраць царызму не зменшыўся. Гэта асабліва адлюстравалася ў дзейнасці таемных дэмакратычных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, якія існавалі ў 1816 – 1823 гг. і ставілі сваёй мэтай адраджэнне Рэчы Паспалітай. На Беларусі да 1825 г. таксама вялі працу і дзекабрысцкія арганізацыі, якія рыхтавалі паўстанне супраць цара. Так, на Беласточчыне дзейнічала Таварыства ваенных сяброў на чале капітана К. Ігельстрома (1825).

У 1830 г. ў Польшчы пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Хутка яно перакінулася і на землі былога ВКЛ. На Віленшчыне падрыхтоўку да паўстання вёў таемны "акадэмічны саюз". Большасць паўстанцаў мела шляхецкае паходжанне. У чэрвені паўстанцы пацярпелі паражэнне ад расійскай арміі і адступілі ў Польшчу. Хутка расійскія войскі занялі Варшаву. Імкнучыся прадухіліць паўстанні ў далейшым, царскі ўрад зачыніў Віленскі універсітэт (1832). У 1831 на ўсходзе і ў 1840 г. на захадзе Беларусі спынялася дзейнасць Статута 1588 г. Па ўказе 1831 г. шляхціцы, якія не былі здольныя даказаць шляхецкае паходжанне, пазбаўляліся дваранскіх правоў. Полацкі царкоўны сабор 1839 г. прыняў рашэнне аб далучэнні уніятаў да праваслаўных. Акрамя таго, у афіцыйным звароце была забаронена польская мова, шляхта траціла права насіць нацыянальную вопратку.

Але рэпрэсіі не спынілі барацьбы. У 1830 – 1840 гг. на Беларусі працягвалі дзейнічаць таемныя арганізацыі: "Дэмакратычнае таварыства" Ф. Савіча, , "Саюз свабодных братоў", арганізацыя Г. Брынко і Н. Навіцкага ў Гродзенскай губерні. Даследчыкі лічаць, што таемных таварыстваў магло быць на самай справе значна болей. Пра іх дзейнасць мы ведаем толькі ў тых выпадках, калі яны раскрываліся жандармерыяй.

У першай палове ХІХ ст. пачаўся крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Далучэнне да Расійскай імперыі некалькі палепшыла агульны эканамічны стан. Расійскі рынак паглынаў значную колькасць прадукцыі, якая выраблялася на беларускіх землях. На поўначы Беларусі хутка развіваліся льнаводства і бульбаводства. На захадзе і ў цэнтральных раёнах – авечкагадоўля. Вельмі прыбытковай справай была вытворчасць спірту і гарэлкі. Яны ўжываліся на месцы. Значная колькасць спірту і гарэлкі экспартавалася за мяжу.

Аднак большасць зямель (70 %) належала памешчыкам. У карыстанні сялян знаходзілася толькі 27 % зямельнага фонду. Каб зрабіць свае маёнткі больш прыбытковымі, памешчыкі ўзмацнялі эксплуатацыю прыгонных. Акрамя паншчыны і высокага аброку сяляне неслі шмат іншых павіннасцей. Люстрацыя і рэформа кіравання дзяржаўнымі маёнткамі, якія былі праведзены міністрам дзяржаўнай маёмасці П.Д. Кісялёвым (1837 – 1841), крыху аблягчылі становішча дзяржаўных сялян. Але іх колькасць на Беларусі была невялікай. Большасць прыгонных сялян залежала ад памешчыкаў.

З канца XVIII ст. у краінах Заходняй Еўропы пачаўся прамысловы пераварот. Ручная вытворчасць хутка выціскалася машыннай. У першую чаргу пераварот закрануў галіну прамысловасці, але змены адбыліся і ў сельскай гаспадарке. У выніку, капіталістычныя прадпрыемствы Велікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і Германіі пачалі выпускаць больш якасную і танную прадукцыю, што абумовіла хуткае развіццё эканомікі гэтых краін. Машынная вытворчасць патрабавала вольнанаёмную і дастаткова адукаваную працу. На Беларусі таксама ўзнікла машынная вытворчасць. Так, ў другой палове 1820-х гг. на прадпрыемствах у мястэчках Косава і Хомск выкарыстоўваліся паравыя рухавікі. Аднак, існаванне прыгоннага права не спрыяла хуткаму развіццю прамысловасці і новых тэхналогій, бо памешчыкі як асноўныя ўтрымальнікі капіталаў аддавалі перавагу эксплуатацыі практычна дармавой сялянскай працы. Ужо ў 1840 – 1850-ыя гг. многія памешчыкі былі вымушаны звяртацца да крэдытных устаноў за пазыкай, закладваючы зямлю і нават сялян. Так, у 1857 г. у Магілёўскай губерніі было закладзена 70 % дваранскай маёмасці. Далёка незаўсёды атрыманыя ў пазыку грошы выкарыстоўваліся для развіцця гаспадаркі. Жорсткае заканадаўства абмяжоўвала і эканамічную актыўнасць яўрэйскага насельніцтва, якое складала значную частку жыхароў гарадоў. Тэхнічнае і эканамічнае адставанне Расійскай імперыі асабліва выразна праявілася падчас Крымскай вайны, таму ў другой палове 1850-х гг. урад пачаў падрыхтоўку да рэформ.

  Кацярына ІІ

 

Расія і яўрэйскае пытанне

 

Напалеон на чале войска

 

Ліст беларускага дабраахвотніка Напалеонаўскай арміі

 

1812 год у Магілёве

 

Вандроўка ў Студзёнку

 

А. Міцкевіч

 

Я. Чачот

 

Паўстанцы 1830 - 1831 гг.

 

Ліда

 

Сяляне ў карчме


Dzmitry Samakhvalau © 2005

Hosted by uCoz