Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Курс лекцый

Слоўнік
Літаратура
Іншыя землі
ФОРУМ
Пошта

 

 Люблінская унія. ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай

 

З канца XV ст. ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі ВКЛ. У выніку войнаў 1492 – 1494, 1500 – 1503, 1507 – 1508, 1512 – 1522, 1534 – 1537 гг. ВКЛ страціла частку сваіх тэрыторый. 8 верасня 1514 г. каля Оршы войскі ВКЛ на чале гетмана К. Астрожскага ўшчэнт разбілі большыя па колькасці войскі Маскоўскай дзяржавы, але поўнасцю скарыстаць вынікі перамогі вялікі князь не здолеў. У 1558 – 1583 гг. адбылася яшчэ больш маштабная Лівонская вайна. У 1558 г. войскі цара Івана IV Грознага рушылі на Лівонію. Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства былі вымушаны звярнуцца за дапамогай да ВКЛ і прызнаць сваё падданства. У адказ у 1563 г. Іван IV захапіў Полацк. Войска ВКЛ, большая частка якога змагалася ў Лівоніі, апынулася ў цяжкім становішчы. Польшча не спяшалася з дапамогай, намагаючыся поўнай інкарпарацыі ВКЛ.

Ян Матэйка, Люблінская уніяУжо ў 1562 – 1563 гг. шляхецкія соймы звярталіся з патрабаваннем новай уніі з Польшчай. Аднак буйныя магнаты справядліва апасаліся за свае правы і высоўвалі праекты, непрымальныя для польскага боку. Тым не менш, 10 студзеня 1569 г. у Любліне (Польшча) пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя ВКЛ ў лютым пакінула Люблін. Кароль быў вымушаны асобнымі актамі далучыць да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю Украіны. Магчымасцей весці вайну яшчэ і з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 г. дэлегацыя ВКЛ зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб уніі.

Паводле дамовы 1569 г. стваралася федэратыўная дзяржава "абодвух народаў" – Рэч Паспалітая. На чале яе стаяў кароль (ён жа вялікі князь). Кароль выбіраўся пажыццёва шляхтай. Ён мог быць толькі католікам. Ствараўся агульны вальны сойм, які складаўся з сената (туды ўваходзілі буйныя магнаты, каталіцкія іерархі і прадстаўнікі караля) і дзвюх пасольскіх ізб, куды павятовыя соймікі накіроўвалі па 2 сваіх прадстаўніка. Мяшчане, сяляне, праваслаўныя і пратэстанцкія святары прадстаўніцтва ў сойме не мелі. У астатнім абедзве дзяржавы захоўвалі суверэнітэт: асобныя ўрады, войскі, мытні, скарбы, манетныя сістэмы, дзяржаўныя мовы і г. д.

Ніжэй прыведзена схема сістэмы кіравання ў Рэчы Паспалітай:

Карыстаючыся сваім прывілеяваным становішчам, у другой палове XVIXVIIІ стст. шляхта здолела значна пашырыць свае правы. Так званыя кардынальныя правы шляхты ўключалі ў сябе асабістую недатыкальнасць, неабмежаваную вотчынную ўладу, магчымасць удзелу ў выбранні караля (элекцыі) і працы сойму, вызвалялі ад большасці падаткаў. Гарантам "залатых вольнасцей" лічыўся сам кароль. Калі ён не выконваў сваіх абавязкаў, шляхта мела права ствараць ваенна-палітычныя саюзы – канфедэрацыі і абвяшчаць каралю вайну – рокаш. Асабліва неспрыяльным для дзяржаўнай сістэмы было права liberum veto, паводле якога ўсе рашэнні сойма павінны былі прымацца адзінагалосна. У выніку многія соймы проста зрываліся.

Адным з галоўных вынікаў эканамічных, палітычных і рэлігійных пераўтварэнняў было фарміраванне саслоўнага грамадства. Саслоўямі называюць буйныя групы насельніцтва, якія ў сілу законаў або традыцый маюць пэўныя прывілегіі і абавязкі. Як і ў краінах Заходняй Еўропы, на беларускіх землях існаваў наступны падзел:

 

Як ужо казалася вышэй, шляхта лічылася пануючым саслоўем, якое валодала найбольш значнымі правамі. Нават самы бедны шляхціч па свайму статусу быў вышэйшым за багатага мешчаніна і, тым больш, селяніна. Саслоўі мяшчан і сялян лічыліся падданымі, аднак менавіта іх прадстаўнікі складалі абсалютна большую частку насельніцтва дзяржавы. Святарскае саслоўе не атрымала юрыдычнага афармлення, чаму ў немалой ступені садзейнічала наяўнасць некалькіх канфесій. Прадстаўнікі рымска-каталіцкай царквы, як шляхта, так і святары, мелі ў Рэчы Паспалітай больш прывілегій, чым астатнія. Тым не менш, і каталіцкая, і праваслаўная цэркві былі буйнымі феадаламі. Стан святарскага саслоўя фактычна набліжаўся да стану шляхетскага саслоўя. Усе прывілегіяваныя саслоўі (у тым ліку мяшчане) мелі карпарацыйны характар. Прыналежнасць да іх рэгламентавалася шматлікімі нормамі і звычайна перадавалася па спадчыне ад бацькі да сына. З цягам часу кожнае саслоўе набывала асабістыя сацыяльныя і культурныя традыцыі. Пераход з аднаго саслоўе ў іншае быў магчымым, хаця на заканадаўчым узроўне ўселяк абмяжоўваўся.

Амаль адразу пасля свайго нараджэння новая дзяржава перажыла некалькі крызісаў улады. У 1573 г. пасля смерці Жыгімонта Аўгуста каралём быў выбраны французскі прынц Генрых Валуа. Аднак у 1574 г. ён збёг у Францыю. Выбары новага караля адбываліся ў атмасферы супрацьстаяння паміж магнацкімі групоўкамі і дробнай шляхтай. Толькі ў 1576 г. каралём быў выбраны трансільванскі князь Стэфан Баторы. У 1583 г. ён скончыў Лівонскую вайну перамогай. Спроба наступнага караля Жыгімонта (са шведскай дынастыі Вазаў) абмежаваць правы шляхты і зрабіць манархію спадчыннай скончыліся рокашам 1604 г.

Страта значных тэрыторый, памяншэнне правоў некаталіцкага насельніцтва, умяшальніцтва польскага боку ў справы ВКЛ выклікалі незадаволенасць сярод шырокіх колаў Вялікага княства. Барацьбу супраць уніі ўзначаліў канцлер Леў Сапега (1557 – 1633) Дзякуючы яго намаганням, у 1582 г. быў створаны Трыбунал ВКЛ, які абмежаваў судовую ўладу караля. Насуперак рашэнням Люблінскай уніі ў ВКЛ працягвалі збірацца асобныя з’езды мясцовай шляхты. У 1588 г. пачаў дзейнічаць новы Статут, дзе унія з Польшчай нават не ўзгадвалася. Польскай шляхце забаранялася набываць маёнткі і пасады ў ВКЛ. Разам з тым Статут 1588 г. скончыў кадыфікацыю законаў Вялікага княства.

Тым не менш, заключэнне Люблінскай уніі дазволіла ВКЛ атрымаць перамогу ў Лівонскай вайне. Рэч Паспалітая была больш моцным утварэннем, і суседнім дзяржавам прыходзілася з ёй лічыцца.

К. Астрожскі

 

Нямецкі дыпламат пра маскоўска-літоўскія войны

 

Іван Грозны

 

Англіскі дыпламат пра палітыку Маскоўскай дзяржавы на адабраных у ВКЛ землях

 

Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл

 

Стэфан Баторы

 

Жыгімонт Ваза

 

Шляхта

 

Леў Сапега

 

Канцлер Леў Сапега


Dzmitry Samakhvalau © 2005


Hosted by uCoz