Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Курс лекцый

Слоўнік
Літаратура
Псіхагісторыя
Іншыя землі
Абоі
ФОРУМ
Пошта

 

 Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях ў ІХ - перш. пал. ХІІІ стст.

 

Прыход славян на беларускія землі супаў з пачаткам хуткага разлажэння рода-племянных адносін і фарміравання феадальнага ладу. Прычынамі таму былі ўсё больш імклівы падзел працы, хуткае развіццё эканамічных стасункаў, а таксама войны, якія ўзвысілі магчымасці правадыроў племені – князёў і вузкага кола набліжаных да іх ваяроў – баяр і дружыннікаў. Сваяцкая абшчына паступова саступіла месца суседскай (мір, грамада і г. д.). Мясцовая знаць імкнулася захапіць абшчынныя ці пакуль незанятыя землі ў прыватную ўласнасць. Прыватныя землі насілі назву вотчынаў. У Х ст. ўзгадваюцца княскія вотчыны, у ХІ - ХІІ стст. - баярскія і манастырскія. Працавалі на гэтых землях рабы (халопы) ці залежныя ад гаспадара сяляне - закупы, радовічы і ўдачы. Закупы сяліліся на землях феадала і атрымоўвалі ад яго своеасаблівы крэдыт - купу. Звычайна яна магла складацца з розных прыладаў працы, хатняй жывёлы і г. д. Радовічы заключалі з маёмаснікам зямлі спецыяльны дагавор - рад. Пакуль закуп не выплочваў купу, а радовіч не адпрацоўваў рад, ён залежыў ад феадала. Удачы часова працавалі на гаспадара.

Большасць сялян (смерды), пакуль захоўвалі асабістую свабоду, працавалі на абшчынных землях і плацілі раз у год князю даніну толькі прадуктамі лясной гаспадаркі (палюддзе). Толькі ў ХІ – ХІІ стст. гэтая, надзвычай марудная форма эксплуатацыі пачала паступова выціскацца грашовымі выплатамі і данінай прадуктамі вытворчасці.

Аснову тагачаснай эканомікі складала сельская гаспадарка. Сяляне вырошчвалі жыта (яравое і азімае), пшаніцу, лён, каноплі і іншыя культуры. У некаторых землях паша знаходзілася недалёка ад паселішчаў. Але таксама былі распаўсюджаны лясныя аблогі і высекі.

У немалой ступені развіццю вытворчасці садзейнічаў гандаль. Праз тэрыторыю Беларусі па рэках Заходняя Дзвіна і Днепр ішоў буйны гандлёвы шлях са Скандынавіі ў Візантыю ("з вараг да грэкаў"), па рэках Сож і Прыпяць – з Каспія ў Заходнюю Еўропу. Гандляры карысталіся грошамі – арабскімі, пазней заходнееўрапейскімі срэбранымі манетамі і срэбранымі ці залатымі зліткамі –грыўнямі. З Захаду на беларускія землі паступалі срэбра, металы і металічныя прылады працы, а таксама якасная зброя. З Усходу і Поўдню - тканіны, віно, соль, ювелірныя вырабы і г. д. З мясцовых зямель вывозіліся рабы, прадукты лясной гаспадаркі, асабліва пушніна, рамесныя тавары.

Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады. Па летапісных звестках ужо ў IX ст. існаваў горад Полацк, у Х – Заслаўе і Тураў, у ХІ – Браслаў, Брэст, Віцебск, Друцк, Лукомль, Мінск і г. д. Гарады мелі моцныя абарончыя збудаванні. У найбольш узмоцненай частцы (дзядзінцы) жылі князь, баяры і дружыннікі. Вакол дзядзінца будаваўся пасад. Яго жыхарамі былі рамеснікі і гандляры. Гараджане, як і сяляне, аб’ядноўваліся ў абшчыны. Збор гараджан (веча) вырашаў самыя важкія пытанні. Так, Тураўскае веча выбірала епіскапа. Ад імя Полацкага веча падпісваліся міжнародныя дамовы. У 1151 г. па яго рашэнні з горада быў выгнаны князь Рагвалод і запрошаны мінскі князь Расціслаў. Але праз сем гадоў веча выгнала Расціслава і зноў запрасіла Рагвалода. У 1161 г., пасля паражэння ад мінскага князя Валадара, Рагвалод быў вымушаны збегчы ў Друцк, бо палачане былі настроены супраць няўдалага князя.

Гарадская гаспадарка яшчэ ў значнай ступені заставалася аграрнай. Недалёка ад гарадоў знаходзіліся палеткі і выпасы для жывёлы. Гараджане трымалі авечак, кароў, коз, свіней, гусей і г. д. Яны мелі сады і агароды.

Такім чынам, сацыяльная арганізацыя грамадства выглядала наступным чынам:

Аднак кантроль над гандлёвымі шляхамі працяглы час знаходзіўся ў руках іншаземцаў. Напрыклад, радзімічы да Х ст. выплачвалі даніну прыкаспійскаму народу – хазарам. У канцы ІХ ст. уладу на большасці ўсходнеславянскіх зямель захапіла скандынаўская дынастыя Рурыкавічаў. Імі была заснавана феадальная дзяржава Русь з цэнтрам у Кіеве. Сярод першых беларускіх гарадоў, падначаленых Рурыкавічамі, узгадваецца Полацк. Але ў канцы Х ст. тут ужо правіла свая княжацкая дынастыя скандынаўскага паходжання на чале з Рагвалодам, які меў саюзныя адносіны з кіеўскім князем. У 980 г. наўгародскі князь Уладзімір падчас паходу на Кіеў захапіў Полацк, забіў Рагвалода і яго сыноў, а дачку Рагнеду прымусова ўзяў сабе жонкай. Падначаліўшы сабе яшчэ Кіеў, Уладзімір распачаў рэформы, якія павінны былі цэнтралізаваць дзяржаву. Самай важнай з іх было прыняцце хрысціянства.

Нягледзячы на спробы Уладзіміра і яго пераемнікаў аб’яднаць вакол Кіева ўсе рускія землі, мясцовыя князі вялі ўпартую барацьбу за незалежнасць. Ужо ўнук Уладзіміра і Рагнеды, полацкі князь Брачыслаў (1003 – 1044) адрозніваўся адносна незалежнай палітыкай. Каб спыніць з ім барацьбу, кіеўскі князь Яраслаў быў вымушаны падараваць Полацкаму княству Віцебск. Пры сыне Брачыслава, Усяславе (1044 – 1101) гэтая барацьба дасягнула свайго апагею. У 1065 г. Усяслаў напаў на Пскоў, у 1066 г. захапіў і разрабаваў Ноўгарад. Імкнучыся спыніць Усяслава, кіеўскі князь і яго браты стварылі ваенную кааліцыю. 3 сакавіка 1067 г. на рацэ Няміга яны разбілі войска палачан, разрабавалі і разбурылі Мінск. Усяслаў разам з сынамі патрапіў пад Оршай у палон. Але ў верасні 1068 г. падчас паўстання ў Кіеве ён быў вызвалены і ў  1071 г. заняў Полацк. У 1127 г. кіеўскаму князю Мсціславу ўдалося захапіць полацкіх князёў і саслаць іх у Візантыю. Аднак пасля яго смерці яны вярнуліся на радзіму.

Адносна самастойную палітыку вяло і Смаленскае княcтва. Пры князю Расціславе (1125 – 1159) яно фактычна вылучылася з Кіеўскай дзяржавы. У значна большай залежнасці ад Кіева знаходзілася Тураўскае княcтва. Адносную самастойнасць яно набыло толькі ў другой палове ХІІ ст.

У ІХ – ХІІ стст. працягваўся рух славянскіх перасяленцаў у паўночна-заходнія раёны. У ХІ – пач. ХІІ ст. у Панямонні вылучыліся Гродзенскае, Ваўкавыскае і Навагрудскае княствы. У другой палове ХІ – пач. ХІІІ стст. Полацкаму княcтву належалі балцкія землі ўздоўж Заходняй Дзвіны – княствы Герцыке і Кукенойс. Іх насельніцтва было змешанае, часткова славянскае, часткова балцкае. Кіравалі Герцыке і Кукенойсам князі славянскага паходжання.

У ХІІ ст. у гісторыі старажытнай Русі пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Прычынамі таму былі слабыя эканамічныя і камунікацыйныя стасункі паміж рознымі рэгіёнамі, рост мясцовых эканомік і жаданне ўдзельных князёў адасобіцца ад цэнтральнай улады. Першае, пасля смерці Усяслава, распалася Полацкае княства. У другой палове ХІІ ст. амаль адразу пасля вылучэння з Кіеўскай дзяржавы распалася Тураўскае княства. У выніку на пачатку ХІІІ ст. на беларускіх землях існавала больш за 20 незалежных дзяржаўных утварэнняў. Некаторыя з іх былі даволі моцныя. Так, у 60 –70 гг. ХІІ ст. Полацкае і Віцебскае княствы трапілі ў залежнасць ад Смаленскага. Бярэсце і землі Панямоння залежылі ад галіцка-валынскага князя.

Феадальная раздробленасць мела станоўчыя і адмоўныя бакі. Яна давала больш шырокія магчымасці для развіцця розных зямель. Улада мясцовага князя была больш аператыўнай. Ён быў вымушаны абапірацца на мясцовых баяр, раздаючы ім землі і прывілегіі, што, несумненна, спрыяла развіццю феадальных адносін. Але з разбурэннем цэнтралізаванай дзяржавы парушаліся сувязі між рэгіёнамі. Паміж удзельнымі князямі ўсё часцей успыхвалі ваенныя канфлікты. У ўзаемную барацьбу часта прыцягваліся і іншаземцы. Вядома, што ўжо у ХІ ст. у дружыне полацкіх князёў служылі найміты са Скандынавіі. У ХІІ ст. кіеўскія князі выкарыстоўвалі ў барацьбе з Полацкам цюркскіх качэўнікаў-полаўцаў. Мінскія князі – літоўцаў. Вядома, што такое становішча значна аслабіла палітычную моц беларускіх княcтваў, і яны сталі ахвярай іншаземных захопнікаў.

З канца ХІІ ст. нямецкія крыжакі пачалі планамерны захоп Прыбалтыйскіх зямель, частка якіх знаходзілася ў залежнасці ад Полацкага княcтва. У 1201 г. ў вусці Заходняй Дзвіны нямецкі біскуп Альберт заснаваў крэпасць Рыгу. У 1202 г. з дапамогай папы рымскага ім быў створаны ваенна-манаскі ордэн мечнікаў. З 1234 г. ў Прусіі пачаў дзейнічаць Тэўтонскі ордэн. У 1237 г. ордэны аб’ядналі свае сілы. Галоўную ролю адыгрываў больш вядомы ў Еўропе Тэўтонскі ордэн. Але ордэн мечнікаў, які з гэтага часу зваўся Лівонскім (Інфлянцкім), таксама працягваў існаваць. Крыжакі ставілі перад сабой высакародную мэту – хрысціць Прыбалтыйскія землі. Іх войскі былі адносна невялікія, але даволі дысцыплінаваныя. На самай справе галоўнай мэтай крыжакоў было падпарадкаванне новых зямель і мясцовага гандлю.

У выніку ўпартай барацьбы з крыжакамі жыхары Кукенойса на чале з князем Вячкам пасля 1208 г. разбурылі свой горад і пакінулі яго. Сам князь перайшоў з дружынай на бок Ноўгарада і загінуў пры абароне крэпасці Юр'еў. Пасля 1230 г. пад уладу рыжскага біскупа трапіў Герцыке. Крыжакі ўрываліся на беларускія землі, сеячы смерць і спусташэнне. У 1203 і 1206 гг. полацкі князь Уладзімір рабіў паходы на крыжакоў, але яны былі няўдалыя. У выніку Полацк быў вымушаны ў 1210 г. падпісаць першы мірны дагавор з Рыгай. Праз шэсць гадоў Уладзімір здолеў стварыць моцную кааліцыю супраць рыцараў-мечнікаў. Але падчас падрыхтоўкі да паходу князь нечакана памёр. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён быў атручаны крыжакамі.

У 1236 г. пад Шаўлямі нямецкія крыжакі пацярпелі моцнае паражэнне ад літоўскіх плямён. У 1237 г. яны былі разбіты пад Драгічынам валынскім князем Данілам. Вялікую ролю ў спыненні нямецкага наступу адыгралі бітвы 1242 г. на Чудскім возеры і 1260 г. на возеры Дурба. Аднак да поўнай перамогі было яшчэ вельмі далёка.

У другой палове 30-х гг. ХІІ ст. многія землі Усходняй Еўропы сталі ахвярай мангола-татарскага нашэсця. У 1238 г. мангола-татары разрабавалі і спустошылі Смаленскае княства. У 1239 г. іх атрады спустошылі значную частку паўднёва-ўсходняй Беларусі. У 1240 г. флангавыя атрады на чале з ханамі Гуюнкам і Кайданам уварваліся ў паўднёвую Беларусь, захапілі і разрабавалі Мазыр, Тураў, Пінск, Бярэсце. Аднак спроба Кайдана прасунуцца далей на поўнач скончылася яго паражэннем у бітве каля мястэчка Крутагор’е (зараз Дзяржынск).

Пасля вяртання з Заходняй Еўропы ў 1242 г. правадыр мангола-татар Батухан (Батый) заснаваў у Паволжы дзяржаву Залатая Арда, якой выплачвалі даніну ўсходнія і паўднёвыя рускія землі. У 1275, 1277, 1287, 1315, 1338 гг. залатаардынскія ханы рабілі паходы і на беларускія землі, але падпарадкаваць іх сабе не здолелі.

 

Збор даніны

 

Дружына

 

Карабель вікінгаў

 

Эпоха вікінгаў на Беларусі

 

Старажытны горад

 

Усяслаў Чарадзей

 

Якім быў сапраўдны Усяслаў?

 

Кіеўляне вызваляюць Усяслава

 

Ці існавала феадальная раздробленасць?

 

Тэўтонскія рыцары

 

Лівонскі храніст пра паход палачан 1206г.

 

Мангольскі коннік

 


Dzmitry Samakhvalau © 2005
Hosted by uCoz