КРАЁВЫ ПАТРЫЯТЫЗМ XVIII СТАГОДДЗЯ

(Урыўкі з кнігі А. Мальдзіса “Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі”. Мн., Лімарыус, 2001)

ПОШУКІ ЎЛАСНАГА ІМЯ

Як відаць з твораў мемуарыстыкі, назва Беларусь тады ўжывалася рэдка, недакладна, пераважна ў дачыненні да Полаччыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Пабываўшы на Крычаўшчыне, Ян Дуклан Ахоцкі захапляўся гасціннасцю мясцовых жыхароў: “Усе беларускія грамадзяне, з якімі я тут пазнаёміўся, аказвалі мне многа спагады і сардэчнасці”. Сваяк Яна Дуклана абат Іясафат Ахоцкі падкрэсліў: “Тракт, якім мы едзем, вядзе да Магілёва”. Да Беларусі С. Букар адносіў Віцебск, С. Тучкоў – Шклоў, А. Пішчэвіч – Уваравічы. І толькі ў адным выпадку, у таго ж С. Тучкова, назва Беларусь ужыта ў больш шырокім сэнсе – як землі на ўсход ад Вільні. У 1794 г. ён згадаў дарогу, якоя “вяла з Беларусі да так званай Вострай Брамы”. Успомнім, што праз гэту браму ўязджалі ў Вільню з Мінскага і Лідскага напрамкаў.

Заходнюю і цэнтральную частку Беларусі мемуарысты XVIII стагоддзя называлі пераважна Літвой, а іх жыхароў – літвінамі або ліцвякамі. Прытым слова Літва безумоўна разумелася не ў этнічным, а ў гістарычным сэнсе – як тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага (за этнічнай Літвой часцей за ўсё захоўвалася назва Жмудзь). Літва ў Матушэвіча, Герычовай, Галамбёўскага, Пільштыновай, Жавускага, Булгарына – гэта Міншчына, Случчына, Брэстчына, Гродзеншчына, Навагрудчына. Аўтар “Успамінаў Сапліцы” рэкамендуе сябе так: “Нарадзіўся я літвінам, Навагрудскім землеўласнікам”. Польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі заяўляў: “Мы лічым сябе радавітым літвінам, бо нарадзіліся і прынялі святы хрост у Волчыне (каля Брэста – аўт.), а будучы ў рыцарскім стане, займалі пасаду літоўскага стольніка. Нават былі ў Лідзе на сейміку… “. У успамінах Кароля Радзівіла літвінам названы Мажэйка, ад’ютант князя, які паходзіў недзе з ваколіц Пінска.

ВЕДАННЕ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Але, хоць гэта на першы погляд і дзіўна, “літвіны” або “ліцвякі”, як правіла, добра ведалі беларускую мову – і старажытную, кніжную, і гутарковую, на якой размаўлялі сяляне…

Факты сведчаць, што паланізацыя не цалкам спыніла традыцыі, якія ішлі ад Скарыны і Буднага, статутаў і летапісаў. Кірылічныя кнігі былі не толькі ў праваслаўных і уніятаў, але і ў каталікоў, і ў пратэстантаў. Шляхце, мяшчанам, асабліва юрыстам, часта прыходзілася чытаць старыя “рускія” тэксты – юрыдычныя тэксты, прамовы, рэлігійную літаратуру. У Матушэвіча ёсць такія радкі: “Паколькі я быў выкліканы маім братам Вацлавам у брэсцкі гарадскі суд, каб сабраць і даставіць яго дакументы, дык паклікаў на дапамогу Фларыяна Лышчынскага, які пры маім пісарствы быў намеснікам…, і яшчэ аднаго, які ўмеў чытаць па руску”. У каталіцкай сям’і Герычовай ужываліся набожныя кніжкі, друкаваныя “славянскімі літарамі”. У сям’і Галамбёўскіх, таксама каталікоў, дзяцей вучылі чытаць “па-руску”.

Побач з польскай лацінскай, французскай і іншымі мовамі тагачасная шляхта карысталася і гутарковай беларускай мовай. Яе ведалі не толькі ў засценках і дварах, але і ў магнацкіх палацах. Ва ўспамінах Я. Тышкевіча “Наша старонка” гаворыцца, што Станіслаў Аўгуст, прыехаўшы да Радзівілаў у Нясвіж, палічыў патрэбным выступіць з вершаваным тостам, які пачынаўся са слоў: “Пане гаспадару, каж віна даці, што б в твоей хаці ліха не знаці”. У час паездкі таго ж караля па Піншчыне ўсюды яго віталі надпісамі на чатырох мовах – польскай, лацінскай, яўрэйскай і “рускай”, а ў Дубоўі яшчэ і стылізаваным беларускім вершам, які быў напісаны мясцовым уніяцкім парохам і прадэкламаваны мясцовымі дзяўчатамі.

“Беларусчына” часам была своеасаблівым сродкам зносін паміж мясцовымі магнатамі і рускімі саноўнікамі… Мемуарысты сцвярджаюць, што сярэдняя і дробная шляхта ў паўседзённым быце часта карысталася беларускай мовай. У С. Шантыра апісаны такі напаўанекдатычны выпадак. На Полаччыне… жыў нехта Грабніцкі, дарэчы прыхільнік французскай моды. Калі да яго прыбыў пасланнік полацкага ваяводы Жабы, каб перадаць выклік на дуэль (адмовіцца ад яе тады не лічылася парушэннем гонару), Грабніцкі прыкінуўся глухім і на ўсе словы, звернутыя да яго, адказваў па беларуску: “Не чую”. Пасланец раззлаваўся і пачаў лаяць гаспадара: маўляў пан Жаба кажа, што “ты нікчэмны, подлы, адным словам, к…”. Грабніцкі на гэта спакойна парыраваў: “Скажы Жабе, што к… не вужака, не ўкусіць”…

“КРАЁВЫ ПАТРЫЯТЫЗМ”

Мемуарныя крыніцы даюць падставу для вываду, што ў XVIII стагоддзі, асабліва ў другой яго палавіне больш выразна сталі акрэслівацца патрыятычныя пачуцці жыхароў Беларусі…

Характэрная ў гэтым сэнсе постаць Лукаша Галамбёўскага. Род яго паходзіў з Падляшша, а сам ён амаль усё творчае жыццё правёў у Польшчы. І тым не менш патрыятызм яго не польскі, а “літоўскі”. Рашаючы ўплыў аказала на Гамбёўскага дзяцінства, якое прайшло на Палессі, у ваколіцах Пінска. У польскага літаратуразнаўца была свая, беларуская “Арына Радзіёнаўна”. “Пры маці, - пісаў ён, - выхоўвала мяне вясковая бабулька, яна мяне любіла, і я да яе прывязаўся…” … З асаблівай чуллівасцю вучоны ўспамінаў палескія лугі і касцоў, што званілі косамі… Свой “літоўскі” (а па сутнасці, беларускі) патрыятызм Галамбёўскі імкнуўся перадаць дзецям.

Такім жа перакананым “літоўскім” патрыётам стаў ураджэнец Валыні Генрык Жавускі: “Калі я пакінуў любімую Літву, Украіна здалася мне прывабнай краявідамі, прыгажосцю сваіх сёл, але ўсё ж спосаб існавання жыхароў не быў па сваёй натуры такім, каб я мог так хутка забыць Літву...".

Прызнанні Жавускага вельмі сімптаматычныя. Сярод мемуарыстаў Беларусі ён адным з першых спрабаваў абгрунтаваць свой патрыятызм. “Літва” для яго ўжо нешта цэласнае, шматграннае – не толькі зямля, але і яе людзі, гісторыя, легенды… Аднак імя сваёй гістарычнай радзімы ён браў не этнічнае, а гістарычнае. Міншчына для яго – толькі частка Вялікага княства Літоўскага. “Беларускі” патрыятызм пакуль што не выдзеліўся з больш агульнага – “літоўскага”… Аднак пройдуць гады і кінутае зерне прарасце ў іншых умовах. З “краёвага” патрыятызм стане беларускім.

Hosted by uCoz