Гісторыя - ёсць настаўніца жыцця... Старажытнарымскае прыслоўе...

 

Галоўная
По-русски
English
Навіны і аб'явы

Змест лекцый

Слоўнік
Літаратура
Іншыя землі
ФОРУМ
Пошта

 

 БССР ў міжваенны перыяд (1921 - 1939 гг.)

Аднаўленне БССР адбылося 31 ліпеня 1920 г. Усходняй мяжой БССР абвяшчалася мяжа Мінскай губерніі, заходняя мяжа ўсталявалася адпаведна Рыжскай дамове 1921 г. У 1924 і 1926 гг. адбыліся ўзбуйненні тэрыторыі БССР – былі далучаны паветы Віцебскай, Гомельскай і часткова Смаленскай губерняў, большую Заклік да каапрацыічастку насельніцтва якіх складалі беларусы. ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў 1920 г. прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919 г. Вышэйшым кіруючым органам быў з’езд Саветаў, выканаўчым – Савет Народных Камісараў (СНК). У 1920 – 1921 гг была ўсталявана фактычная манаполія камуністычнай партыі бальшавікоў на уладу. Разам з тым дзеячы іншых партый і арганізацый, згодныя супрацоўнічаць з новымі ўладамі, атрымалі амністыю. Кіраванне фінансавай палітыкай, вайсковым будаўніцтвам, чыгункай і г. д. належала ўладам РСФСР (пазней СССР). Дзяржаўнай мовай зацвярджалася беларуская. Урад праводзіў палітыку беларусізацыі. Але ў афіцыйным карыстанні знаходзіліся таксама руская, польская і ідыш (яўрэйская) мовы. 30 снежня 1922 г. БССР падпісала дамову аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).

Пасля заканчэння савецка-польскай вайны БССР апынулася ў цяжкім эканамічным становішчы: назіраліся моцны спад прамысловай вытворчасці, інфляцыя. Сяляне пакутавалі ад харчразвёрсткі, у гарадах большасць прадуктаў размяркоўвалася па картках. Таму ў 1921 – 1928 гг. у БССР, як і ў іншых савецкіх рэспубліках, праводзілася новая эканамічная палітыка (нэп), мэтай якой было аднаўленне эканомікі. Нэп складалася з шэрагу наступных рэформ:

Аграрная

Канчатковае пераразмеркаванне памешчыцкай зямлі, пераход ад харчразвёрсткі да харчпадатку (1921),

Прамысловая

Падтрымка дробных уласнікаў, арандатараў і канцэсіянераў, пераход буйных прадпрыемстваў да самаакупнасці, пераход да здзельнай аплаты працы (1923), стварэнне трэстаў і сіндыкатаў.

Банкаўская

Аднаўленне Дзяржбанка, стварэнне акцыянерных і камерцыйных банкаў (1921), адмена абмежаванняў на захоўванне банкамі грашовых сум прыватных асоб і арганізацый, гарантыя тайны ўкладанняў.

Фінансавая

Увядзенне саўзнакаў і забяспечанага золатам чырвонца (1922 - 1924)

Гандлёвая

Дзяржаўная манапалізацыя знешняга і дазвол прыватнага  і кааператыўнага гандлю на ўнутраным рынку

Новая эканамічная палітыка была накіравана на фарміраванне высокай прадукцыйнасці працы, дэцэнтралізацыю і лібералізацыю эканомікі. У верасні 1922 г. быў прыняты закон “Аб працоўным землекарыстанні”, які дазваляў наёмную працу. Наркамзем БССР Дз.Ф. Прышчэпаў (1925 – 1929) арыентаваўся на стварэнне хутарскіх і вотрубных, разам з падтрымкай калектыўных гаспадарак. Для развіцця эканомікі рэспублікі важнае значэнне мелі павышэнне прадукцыйнасці працы сялян і рабочых, пераадоленне інфляцыі і выкарыстанне рынка ў якасці галоўнага эканамічнага рэгулятару.

У выніку нэпа да 1926 - 1927 гг. валавы ўнутраны прадукт БССР перасягнуў узровень 1913 г. Павысіўся і сярэдні ўзровень жыцця. Калі ў 1913 г. сярэдні гараджанін спажываў 29 кг мяса ў год, то ў 1926 г. – больш за 41 кг. Аднак меўся і адваротны бок рынкавых пераўтварэнняў. Зноў з’явіліся бедныя і багатыя. Гарады пакутвалі ад беспрацоўя. Трэба таксама заўважыць, што бальшавіцкія ўлады разглядалі нэп толькі як часовы адыход ад палітыкі дзяржаўнага сацыялізму, таму нельга сказаць, што гэты працэс меў трывалы падмурак.

Бабруйск

У 1928 г. цэнтральныя савецкія ўлады распачалі пераход да планавай эканомікі. З гэтай мэтай 1 кастрычніка 1928 г. пачаў дзейнічаць першы пяцігадовы план. Быў абвешчаны курс на паскораную індустрыялізацыю і калектывізацыю. Ад рынкавых метадаў забеспячэння эканомікі ўрад перайшоў да цэнтралізаванага размеркавання і дырэктыўных загадаў. Дзяржава манапалізавала сродкі вытворчасці. Быў пабудаваны вялізны бюракратычны апарат. Толькі за дзве першыя пяцігодкі ў БССР было пабудавана 1700 новых прадпрыемстваў, галоўным чынам у сферы харчовай і лёгкай прамысловасці. Каб знайсці сродкі, улады рэспублікі замарожвалі зарплату рабочых, скарачалі выдаткі на сацыяльную сферу. Дапамогу аказвалі і іншыя рэспублікі. Да 1935 г. дзейнічала карткавая сістэма забеспячэння. Не хапала кваліфікаваных спецыялістаў. Узровень жыцця насельніцтва на пачатку 30-х гг. значна пагоршыўся. Энтузіязм працоўных падаграваўся масавай прапагандай, незадаволеныя арыштоўваліся.

Летам 1929 г. былі абвешчаны суцэльная калектывізацыя і ліквідацыя заможнай часткі сялян – кулакоў як класа, забараняліся арэнда зямлі і найманне рабочых. Большую частку сялянства прымусова вымушалі ўступаць у калгасы. Ствараліся новыя саўгасы і машынна-трактарныя станцыі (МТС). Большая частка прадукцыі, вырабленай калгаснікамі, забіралася дзяржавай. Аднаасобнікі абкладаліся вялікімі падаткамі. У выніку знізіліся паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі, у 1933 г. у некаторых раёнах БССР пачаўся голад. Сяляне актыўна выступалі супраць гвалту з боку ўладаў. У 1929 – 1930 гг. яны ў вялікай колькасці забівалі жывёлу, каб не перадаваць яе ў калгасы (калі ў 1928 г. у БССР налічвалася 2189,2 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, то ў 1933 г. – толькі 1354,7 тысяч галоў) . У 1930 і 1932 гг. назіраўся масавы выхад з калгасаў. Але ўлады адказвалі рэпрэсіямі. Раскулачванню падвяргаліся не толькі кулакі, але часам і сераднякі. Толькі па пастанове 1932 г. "Аб ахове маёмасці" ў БССР больш за 10 тыс. чалавек было абвешчана "ворагамі народа". У 1935 г. было калектывізавана ўжо 85,6 % сялянскіх двароў, а ў 1939 г. – 90 %.

У канцы 1920-х гг. пачаўся курс на згортванне беларусізацыі. Канстытуцыя 1927 г., прынятая VIII з’ездам Саветаў, захавала самаўладдзе Саветаў. Канстытуцыя 1937 г. вызначала вышэйшым органам улады Вярхоўны Савет. Усталяванне ў СССР дыктатуры Сталіна прывяло да масавых чыстак партыйных арганізацый ад "ворагаў народа" і палітычных рэпрэсій. Толькі па справе 1930 г. аб неіснуючым "Саюзе вызвалення Беларусі" было арыштавана 108 чалавек, у тым ліку В. Ластоўскі, Дз. Прышчэпаў, А. Смоліч, М. Гарэцкі і інш. Унутраны тэрор не аслабляўся да смерці Сталіна ў 1953 г. Яго ахвярамі сталі многія палітычныя і культурныя дзеячы, вучоныя, артысты, пісьменнікі, святары і нават простыя людзі – каля 600 тыс. грамадзян Беларусі.

Змены ў эканамічным і палітычным жыцці адбіваліся і на развіцці культуры. У 20-я гг. разам з палітыкай беларусізацыі праводзілася барацьба з непісьменнасцю. У пачатку 30-х гг. колькасць непісьменных сярод дарослага насельніцтва скарацілася да мінімуму. Адчыняліся новыя школы. У 1921 г. пачаў сваю працу Беларускі дзяржаўны універсітэт, у 1922 г. - Інстытут беларускай культуры (з 1929 г. - Акадэмія навук). Былі таксама створаны політэхнічны, сельскагаспадарчы інстытуты (у 1925 г. быў аб'яднаны з інстытутам у Горках у сельскагаспадарчую акадэмію) і ветэрынарны інстытут у Віцебску. З поспехам працаваў Беларускі драматычны тэатр (БДТ), які ў 1921 г. ўзначаліў Я. Міровіч, і трупа У. Галубка. У 1926 г. ў Віцебску адчыніўся БДТ-2. У Гомелі і Магілёве з'явіліся сімфанічныя аркестры. У 1926 г. ў Ленінградзе на студыі "Савецкая Беларусь" быў зняты першы беларускі фільм "Лясная быль" Ю. Тарыча.

 Актыўна праходзіла і літаратурнае жыццё. У 20-я гг. існавала некалькі буйных літаратурных аб'яднанняў: "Маладняк" (М. Лынькоў, М. Чарот, П. Трус, П. Галавач і інш.), "Узвышша" (А. Бабарэка, П. Глебка, З. Бядуля, М. Лужанін, К. Крапіва і інш.) і "Полымя" (Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, М. Чарот і інш.). У 1928 г. узнікла Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП).

Фарсіраваная індустрыялізацыя 30-х гг. і патрэба ў кадрах вымусіла ўрад яшчэ больш уважліва ставіцца да адукацыі. У гэты час былі адчынены кансерваторыя, філармонія, тэатр оперы і балета. Аднак сталінскія рэпрэсіі, якія закранулі амаль усіх дзеячаў культуры (арыштоўваліся нават Я. Купала і Я. Колас) не садзейнічалі імкліваму развіццю літаратуры, навукі і мастацтва.

У. Ігнатоўскі

 

Сяляне чытаюць савецкую газету

 

Калгаснікі

 

Плакат часоў калектывізацыі

 

Л. Цанава

 

Рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі

 

Ахвяры Курапат

 

Я. Купала

 

 

 


Dzmitry Samakhvalau © 2005

Hosted by uCoz